Вайсковага пенсіянера-лукашыста судзяць за забойства на палітычнай глебе
У Салігорску пачаўся суд над вайсковым пенсіянерам Леанідам Штайдам. Яго вінавацяць у забойстве (ч. 1 арт. 139 КК), за што пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Мужчына забіў рабочага "Беларуськалія" Генадзя Кісяля, з якім не сышоўся ў палітычных поглядах. Трагедыя адбылася 12 жніўня каля будынка КДБ у Салігорску, піша TUT.by.
Нападнік і ахвяра не былі асабіста знаёмыя, але перапісваліся ў сацсетках, дзе спрачаліся пра палітыку. Штайда абараняў уладу Аляксандра Лукашэнкі, Кісель меў іншыя погляды.
У аператыўных зводках тады паведамлялі: 12 жніўня каля 19-й гадзіны 50-гадовы раварыст на вуліцы Паркавай пасварыўся з 67-гадовым гараджанінам. Падчас бойкі пешаход ударыў раварыста ў шыю садовымі нажніцамі. Пацярпелага даставілі ў лякарню, але выратаваць яму жыццё не здолелі.
Па словах сведак, пасля ўдару Штайда кінуўся да машыны, выцягнуў аптэчку і спрабаваў дамагчы пацярпеламу.
Сын забітага Аляксей Кісель кажа, што старонку бацькі ў "Аднакласніках" пачытаў толькі пасля трагедыі: "Там была вельмі вялікая перапіска з абвінавачаным. Не хапіла мне нерваў нават усё прачытаць, таму што там было вельмі шмат абразлівых слоў на адрас бацькі з боку абвінавачанага. Ён пісаў яму "п'яніца, няўдачнік, не служыў, нічога ў жыцці не дамогся". Гэта ўсё няпраўда, мой бацька шмат чаго дамогся ў жыцці, у яго выдатная сям'я".
Па словах Аляксея, Штайда пісаў абразлівыя каментары і іншым карыстальнікам "Аднакласнікаў". Праўда, яны жылі не ў Салігорску.
На судзе Штайда заявіў, што Кісель наўмысна прыехаў да яго, а ў горадзе тады ўжо дзейнічалі "змагары". Па словах абвінавачанага, Кісель напаў на яго, а Штайда абараняўся і ненаўмысна пацэліў яму нажніцамі ў шыю.
Судова-медыцынская экспертыза паказала, што ў крыві забітага было 0,66 праміле алкаголю, Штайда быў цвярозы.
Але далейшыя высновы экспертаў абвяргаюць версію Штайды пра тое, што ён абараняўся. Гэта, як піша TUT.by, і сляды крыві, знойдзеныя на ровары, і характар раны, і тое, як нажніцы ўвайшлі ў шыю, і следчы эксперымент.
Дзяржабвінаваўца папрасіў для Штайды сем з паловай гадоў пазбаўлення волі — з улікам таго, што мужчына спрабаваў аказаць Кісялю медыцынскую дапамогу адразу пасля ўдару: дастаў з машыны аптэчку, заціскаў рану ручніком.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.