Вернікі адмаўляюцца забіраць маёмасць з Чырвонага касцёла

Чырвоны касцёл / Еўрарадыё
Чырвоны касцёл / Еўрарадыё

Вернікі адмаўляюцца забіраць маёмасць з касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску. Адпаведную заяву прыняў касцёльны камітэт парафіі.

Вернікі пратэстуюць супраць таго, што дзяржава раптам скасавала арэнду касцёла і прымушае вызваліць памяшканне. На гэта парафія "не мае ні фізічных, ні юрыдычных, ні матэрыяльных сродкаў". Да таго ж вернікам не далі магчымасць працаваць з дакументацыяй, што па іх словах "паралізавала юрыдычную і фінансавую дзейнасць парафіі". У прыватнасці, ім не далі доступу да акту агляду памяшканняў комплекса будынкаў Чырвонага касцёла ад 3 кастрычніка 2022.

Вернікі адмаўляюць сваю віну ў пажары, які абдыўся ў касцёл, бо за спраўнасць ліній электрасетак і электраабсталявання адказвае дзяржаўнае прадпрыемства "Мінская спадчына". Вернікі дадаюць: "Узгаранне адбылося ноччу, калі нагрузка на электрасеткі была мінімальная".

Яны таксама звяртаюць увагу, што ні вернікі, ні святары касцёла, ні нават кіраўнікі Каталіцкай царквы ў Беларусі не мелі магчымасці на свае вочы пабачыць пашкоджанні ў Чырвоным касцёле і пераканацца ў яго аварыйным стане. "Мы адмаўляемся выносіць рэчы з касцёла, бо лічым гэта беспадстаўным і немагчымым з вышэйазначанай прычыны. Тое, што прадстаўнікам парафіі забаронены ўваход у касцёл, а супрацоўнікам  КУП “Мінская спадчына” і іншых арганізацый ён не абмежаваны, выклікае недавер і падазронасць", — падкрэсліваюць у касцёльным камітэце.

Вернікі кажуць, што не маюць ні акту апісання маёмасці, якая засталася ў касцёле, ні спісу адказных за яе захаванне. Не была створаная і сумесная з "Мінскай спадчынай" камісія, якая б вызначыла пашкоджанні і наступствы пажару.

"Такім чынам, усе азначанныя пытанні не вырашаны, а парафія засталася сам-насам з пагрозай страты касцельных каштоўнасцяў, а менавіта культавых рэчаў, архіваў, бібліятэкі, прыстасаванняў і механізмаў, патрэбных пры ажыццяўленні штодзеннай дзейнасці касцёла", — канстатуецца ў заяве.

Касцёльны камітэт прапануе зрабіць рамонт у касцёле за кошт парафіі (на ахвяраванні і працай вернікаў) без прыцягнення бюджэтных сродкаў у найхутчэйшы тэрмін. Таксама касцёльны камітэт пастанавіў хадайнічаць пра перадачу будынка касцёла на баланс парафіі.

Як распавядала Еўрарадыё, 6 кастрычніка стала вядома, што дзяржава забірае ў вернікаў Чырвоны касцёл у цэнтры Мінска (ён быў у арэндзе ў парафіі). Нагодай стаў пажар у будынку касцёла, які адбыўся напрыканцы верасня. Пры гэтым паведамлялася, што плошча пажару склала 20 квадратных метраў.

12 кастрычніка ксёндз Уладзіслаў Завальнюк правёў развітальную імшу з Чырвоным касцёлам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі