Ветэранам і афганцам вярнулі льготы на праезд

Гэта адбылося дзякуючы міжурадаваму пагадненню, якое ў 1993 годзе ў Маскве падпісаў Вячаслаў Кебіч. Пагадненне аказалася больш значным за закон аб ільготах, і цяпер ветэранам і афганцам ізноў можна ездзіць бясплатна на гарадскім, прыгарадным і нават чыгуначным транспарце. Як толькі Еўрарадыё даведалася пра гэта, мы абтэлефанавалі вакзалы, і там пацвердзілі, што льготы ўжо вярнулі. Па словах дырэктара агенцтва “Мінсктранс” Васіля Лаўрыновіча, кіраўнікам усіх філіялаў прадпрыемства прыйшло тлумачэнне, што нават ветэраны і афганцы з краін СНД маюць права бясплатна ездзіць у Беларусі.

Васіль Лаўрыновіч: “Звяртаем вашу ўвагу на выкананне дзеючага пагаднення аб узаемным прызнанні правоў на льготны праезд інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобаў, прыроўненых да іх”.

Гэта міжнароднае пагадненне было падпісана 12 сакавіка 1993 года ў Маскве кіраўнікамі ўрадаў краін СНД. У гэты час беларускім урадам кіраваў Вячаслаў Кебіч. Вячаслаў Францавіч прыгадаў у інтэрв’ю Еўрарадыё, што менавіта ён ставіў подпіс пад гэтым пагадненнем.

Па словах дырэктара агенцтва "Мінсктранс" Васіля Лаўрыновіча, цяпер міжурадавае пагадненне, падпісанае Кебічам амаль 15 гадоў таму, мае большую вагу, чым закон Беларусі аб ільготах.

Васіль Лаўрыновіч: “Нормы пагаднення прадугледжваюць больш шырокія льготы на праезд для паказаных у пагадненні асобаў, чым нормы Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзянаў”.

Такім чынам, згодна з міжурадавым пагадненнем, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама воіны-інтэрнацыялісты ў адпаведнасці з Дадаткам 3 маюць права на бясплатны праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце. І гэта нягледзячы на тое, што закон “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах” забраў у ветэранаў такое права.

Дарэчы, згодна з пагадненнем, ільготным праездам могуць карыстацца і тыя, хто суправаджае інвалідаў вайны. Самае галоўнае, што гэтая інфармацыя ўжо даведзена да транспартнікаў і чыгуначнікаў. А падрабязней азнаёміцца са спісам ільготаў, якімі забяспечвае міжурадавае пагадненне, можна ніжэй.

Даведка Еўрарадыё:

У 2007 годзе у Беларусі пражывала каля 65 тысяч ветэранаў ВАВ, з іх 15 тысяч чалавек — інваліды ВАВ І і ІІ груп. Паводле закону аб ільготах, ільготы пакідаліся толькі інвалідам. Цяпер усе 65 тысяч ветэранаў змогуць ездзіць бясплатна. На сённяшні дзень у Беларусі жыве 21 тысяча воінаў-афганцаў, яны таксама маюць права на бясплатны праезд.

Дарэчы, як паведаміў дырэктар агенцтва “Мінсктранс”, ільготы на праезд застаюцца і ў супрацоўнікаў сілавых органаў, прычым не толькі ў міліцыянтаў. Усё таму, што дагэтуль працягвае дзейнічаць Указ прэзідэнта ад 9 кастрычніка 1995 г. № 403, які прадугледжвае права супрацоўнікаў органаў унутраных спраў на бясплатны праезд па спецыяльным знаку на ўсіх відах грамадскага транспарту.

Васіль Лаўрыновіч:
“Ва ўказе згадваецца дзяржаўны пажарны нагляд, фінансавая міліцыя, курсанты вайсковых навучальных установаў, курсанты органаў унутраных спраў, работнікі органаў унутраных спраў, пракурорскія работнікі і так далей, супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі, вайскоўцы Узброеных Сілаў, Памежнага камітэта, дзе ёсць спецзнак, работнікі Камітэта дзяржкантролю, у якіх ёсць спецзнак”.

Кіраўніцтва “Мінсктрансу” ў поўнай разгубленасці. Згодна з законам, усе вышэйзгаданыя катэгорыі павінны аплачваць праезд. Аднак, згодна з указам прэзідэнта аб спецзнаку, — не. Што ж датычыцца кандуктараў і кантралёраў, то, па словах Васіля Лаўрыновіча, яны збольшага не чапаюць уладальнікаў спецзнаку.

Васіль Лаўрыновіч: “Ну, што можа зрабіць рэвізор?! Падысці і сказаць: “Таварыш міліцыянер, калі ласка, аплаціце?”

Такім чынам, ільготнага праезду пазбаўленыя толькі школьнікі, студэнты, пенсіянеры і “чарнобыльцы”.


Дамова
аб узаемным прызнанні правоў
на льготны праезд для інвалідаў і ўдзельнікаў
Вялікай Айчыннай вайны,
а таксама асобаў, прыроўненых да іх

Урады дзяржаў - удзельніц дадзенага Пагаднення, далей - Бакі, усведамляючы вялізную важнасць сацыяльнай абароны інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобаў, прыроўненых да іх, у мэтах забеспячэння іх перамяшчэння па тэрыторыі дзяржаў - удзельніц гэтай Дамовы, пагадзіліся аб ніжэйзгаданым:

Артыкул 1

Дзеянне гэтай Дамовы распаўсюджваецца на інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобаў, прыроўненых да іх, якім устаноўлены льготы па праездзе на адпаведных відах транспарту, згодна з дадаткамі 1,2,3.

Артыкул 2

Інвалідам Вялікай Айчыннай вайны I і II груп і асобам, прыроўненым да іх, надаецца права бясплатнага праезду па чыгунцы або на судах транзітных і мясцовых ліній рачнога флоту па тэрыторыях дзяржаў-удзельніц гэтай Дамовы адзін раз у год (туды і назад) і з 50-адсоткавай зніжкай паветраным, водным або міжгароднім аўтамабільным транспартам. Героям Савецкага Саюза і асобам, узнагароджаным ордэнам Славы трох ступеняў, надаецца права бясплатнага праезду адзін раз у год (туды і назад) на названых відах транспарту.

Інвалідам Вялікай Айчыннай вайны III групы і асобам, прыроўненым да іх, надаецца 50-адсоткавая зніжка з кошту праезду адзін раз у год (туды і назад) па чыгунцы, водным, паветраным або міжгароднім аўтамабільным транспартам.

Захаваць сезонныя льготы (з 1 кастрычніка па 15 траўня) па аплаце праезду на паветраным, водным, чыгуначным і міжгароднім аўтамабільным транспарце інвалідам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, прыроўненым да іх.

Асобам, якія суправаджаюць у паездках інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны I группы, і асобам, прыроўненым да іх, надаецца 50-адсоткавая зніжка з кошту праезду чыгуначным, водным, паветраным і міжгароднім аўтамабільным транспартам.

Артыкул 3

Удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, прыроўненым да іх, бацькам і жонкам вайскоўцаў, загінулых з прычыны ранення, кантузіі або калецтва, атрыманых пры абароне былога Саюза ССР або пры выкананні іншых абавязкаў ваеннай службы, альбо з прычыны захворвання, звязанага са знаходжаннем на фронце, надаецца права на 50-адсоткавую зніжку з кошту праезду адзін раз у год (туды і назад) чыгуначным, водным, паветраным або міжгароднім аўтамабільным транспартам.

Артыкул 4

Асобам, названым у артыкулах 2 і 3 гэтай Дамовы, па іх жаданні, замест 50-адсоткавай зніжкі адзін раз у год (туды і назад) чыгуначным, водным, паветраным або міжгароднім аўтамабільным транспартам надаецца бясплатны праезд адзін раз у два гады (туды і назад) названымі відамі транспарту.

Артыкул 5

Інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобам, прыроўненым да іх, і іншым асобам, у адпаведнасці з Дадаткам 3, надаецца права на бясплатны праезд у гарадскім і прыгарадным пасажырскім транспарце незалежна ад месца іх пражывання.

Артыкул 6

Транспартныя арганізацыі забяспечваюць ільготныя ўмовы абслугоўвання асобаў, названых у гэтай Дамове, незалежна ад месца іх пражывання.

Артыкул 7

Падставай для набыцця льготнага праязнога білета з'яўляецца пасведчанне і ліст талонаў на льготны праезд, выдадзеныя адпаведнымі органамі былога Саюза ССР або Бакамі па форме, якая дзейнічала на 1 студзеня 1992 года, па месцы сталага жыхарства асобы, што мае права на льготны праезд.

Артыкул 8

Пакрыццё транспартным арганізацыям выдаткаў, звязаных з аплатай кошту праезду асобаў, названых у гэтай Дамове, здзяйсняецца Бакамі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам.

Артыкул 9

Гэтае Пагадненне набывае моц з моманту яго падпісання.


Пагадненне падпісалі: Азербайджан, Малдова, Арменія, Расія, Беларусь, Таджыкістан, Туркменістан, Казахстан, Узбекістан, Кыргызстан, Украіна.


Дадатак 1
да Пагаднення аб узаемным прызнанні
правоў на льготны праезд для інвалідаў
і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобаў, прыроўненых да іх, 12 сакавіка 1993 года

Катэгорыі грамадзян, прыроўненых па льготах на праезд у міжгароднім транспарце да інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны


1. Інваліды Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў.

2. Інваліды з ліку вайскоўцаў, якія сталі інвалідамі з прычыны ранення, кантузіі або калецтва, атрыманых пры абароне былога Саюза ССР або пры выкананні іншых абавязкаў ваеннай службы, альбо з прычыны захворвання, звязанага з знаходжаннем на фронце ў іншыя перыяды, а таксама інваліды з ліку партызан грамадзянскай вайны;

інваліды з ліку асобаў кіруючага і радавога складу органаў Міністэрства ўнутраных спраў і органаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі былога Саюза ССР, якія сталі інвалідамі з прычыны ранення, кантузіі або калецтва, атрыманых пры выкананні службовых абавязкаў;

інваліды з ліку байцоў і каманднага складу знішчальных батальёнаў, узводаў і атрадаў абароны народа, якія дзейнічалі ў перыяд з 1 студзеня 1944 года па 31 снежня 1951 года на тэрыторыі былых Украінскай ССР, Беларускай ССР, Літоўскай ССР, Латвійскай ССР, Эстонскай ССР, і якія сталі інвалідамі з прычыны ранення, кантузіі або калецтва, атрыманых пры выкананні службовых абавязкаў у гэтых батальёнах, узводах і атрадах.


Дадатак 2
да Пагаднення аб узаемным прызнанні
правоў на льготны праезд для інвалідаў
і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобаў, прыроўненых да іх, 12 сакавіка 1993 года

Катэгорыі асоб, прыроўненых па льготах на праезд у міжгароднім транспарце да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны


1. Удзельнікі грамадзянскай вайны і баявых аперацый па абароне былога Саюза ССР з ліку вайскоўцаў, якія праходзілі службу ў воінскіх частках, штабах і ўстановах, што ўваходзілі ў склад дзеючага войска, і былыя партызаны.

2. Асобы з ліку вольнанаёмнага складу Савецкага Войска, Ваенна-Марскога Флоту, органаў унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі былога Саюза ССР, якія займалі штатныя пасады ў воінскіх частках, штабах і ўстановах, што ўваходзілі ў склад дзеючага войска ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, асобы, якія знаходзіліся ў гэты перыяд у гарадах, удзел у абароне якіх залічваецца ў выслугу гадоў для прызначэння пенсіі на льготных умовах, устаноўленых для вайскоўцаў частак дзеючага войска.

3. Бацькі і жонкі вайскоўцаў, загінулых з прычыны ранення, кантузіі або калецтва, атрыманых пры абароне былога Саюза ССР або пры выкананні іншых абавязкаў ваеннай службы, альбо з прычыны захворвання, звязанага са знаходжаннем на фронце.

4. Асобы, якія працавалі ў перыяд з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944 года на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях былога горада Ленінграда і ўзнагароджаныя медалём "За абарону Ленінграда", а таксама знакам "Жыхару блакаднага Ленінграда".

5. Вайскоўцы, рабочыя і службоўцы, якія атрымалі раненні, кантузіі або калецтва ў баявых дзеяннях у Афганістане або ў іншых краінах, у якіх вяліся баявыя дзеянні.

6. Былыя непаўналетнія вязні канцлагераў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў перыяд Другой сусветнай вайны.

7. Былыя ўдзельнікі антыфашысцкага руху Супраціву.

8. Былыя працаўнікі спецыяльных фармаванняў, пераведзеныя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны на становішча асобаў, якія знаходзіліся ў шэрагах Чырвонай Арміі і выконвалі загады ў інтарэсах дзеючых франтоў або аператыўных зон дзеючых флотаў.



Дадатак 3
да Пагаднення аб узаемным прызнанні
правоў на льготны праезд для інвалідаў
і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобаў, прыроўненых да іх, 12 сакавіка 1993 года


Катэгорыі асобаў, якія маюць права бясплатнага праезду ў гарадскім і прыгарадным транспарце

1. Асобы, якія маюць права бясплатнага праезду на ўсіх відах гарадскога пасажырскага транспарту (акрамя таксі) і на аўтамабільным транспарце агульнага карыстання (акрамя таксі) у сельскай мясцовасці ў межах адміністрацыйнага раёна па месцы жыхарства:

1.1. інваліды Вялікай Айчыннай вайны і асобы, прыроўненыя да іх;

1.2. асобы, якія суправаджаюць у паездках інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны 1 групы, і асобы, прыроўненыя да іх;

1.3. Героі Савецкага Саюза і асобы, узнагароджаныя ордэнам Славы трох ступеняў;

1.4. удзельнікі грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, баявых аперацый па абароне былога Саюза ССР з ліку вайскоўцаў, якія праходзілі службу ў воінскіх частках, штабах і ўстановах, што ўваходзілі ў склад дзеючага войска, і былыя партызаны;

1.5. асобы з ліку вольнанаёмнага складу Савецкага Войска, Ваенна-Марскога Флоту, органаў унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі былога Саюза ССР, якія займалі штатныя пасады ў воінскіх частках, штабах і ўстановах, што ўваходзілі ў склад дзеючага войска ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, альбо асобы, якія знаходзіліся ў гэты перыяд у гарадах, удзел у абароне якіх залічваецца ў выслугу гадоў для прызначэння пенсіі на льготных умовах, устаноўленых для вайскоўцаў частак дзеючага войска;

1.6. асобы з ліку былых вайскоўцаў-інтэрнацыяналістаў, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях у Рэспубліцы Афганістан, на тэрыторыі іншых краін;

1.7. асобы, узнагароджаныя ордэнамі і медалямі былога Саюза ССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны;

1.8. бацькі і жонкі вайскоўцаў, загінулых з прычыны ранення, кантузіі або калецтва, атрыманых пры абароне былога Саюза ССР або пры выкананні іншых абавязкаў ваеннай службы, альбо з прычыны захворвання, звязанага са знаходжаннем на фронце;

1.9. асобы, якія працавалі ў перыяд з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944 года на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях былога горада Ленінграда і ўзнагароджаныя медалём "За абарону Ленінграда ", а таксама знакам "Жыхару блакаднага Ленінграда";

1.10. былыя ўдзельнікі антыфашысцкага руху Супраціву;

1.11. былыя працаўнікі адмысловых фармаванняў, пераведзеныя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны на становішча асобаў, якія знаходзіліся ў шэрагах Чырвонай Арміі і выконвалі задачы ў інтарэсах дзеючых франтоў або аператыўных зон дзеючых флотаў.

2. Асобы, якія маюць права бясплатнага праезду на ўсіх відах транспарту прыгарадных зносін (акрамя таксі):

2.1. інваліды Вялікай Айчыннай вайны і асобы, прыроўненыя да іх;
2.2. асобы, якія суправаджаюць інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны 1 групы, і асобы, прыроўненыя да іх (не больш за аднаго суправаджаючага);

2.3. удзельнікі грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, баявых аперацый па абароне былога Саюза ССР з ліку вайскоўцаў, якія праходзілі службу ў воінскіх частках, штабах і ўстановах, што ўваходзілі ў склад дзеючага войска, і былыя партызаны;

2.4. былыя ўдзельнікі антыфашысцкага руху Супраціву.

3. Асобы, якія маюць права бясплатнага праезду ў аўтобусах прыгарадных зносін:

3.1. Героі Савецкага Саюза і асобы, узнагароджаныя ордэнам Славы трох ступеняў;

3.2. асобы з ліку былых вайскоўцаў-інтэрнацыяналістаў, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях у Рэспубліцы Афганістан, на тэрыторыі іншых краін.




Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі