Ветэраны вайны адмаўляюцца ад бясплатнага сацыяльнага жылля

Тыя з іх, хто дагэтуль стаіць у чарзе, хочуць пабудаваць сабе кватэру за ўласныя грошы Мінгарвыканкам разгледзіць пытанне аб уключэнні ўсіх інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія стаяць на чарзе, у склад жыллёва-будаўнічых кааператываў. Пра гэта ў чацвер заявіў выканаўца абавязкаў старшыні Мікалай Ладуцька. У той жа час начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі гарвыканкама Мікалай Ком удакладніў, што такіх у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаіць 640 чалавек.

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, чаму гэтыя людзі да сённяшняга дня не здолелі палепшыць свае жыллёвыя ўмовы.

Але як паведаміў Мікалай Ком, на чарзе зараз стаяць толькі тыя ветэраны і інваліды вайны 1941-1945 гадоў, якія самі адмовіліся ад бясплатнага сацыяльнага жылля.

Мікалай Ком: “Мы ўсім жадаючым атрымаць сацыяльнае жыллё далі яго. А астатнія хочуць толькі будаваць. Менавіта так — яны жадаюць толькі будаваць. А ўсім ахвотным мы далі сацыяльнае жыллё! Такім чынам, хто жадае — той забяспечаны сацыяльным жыллём”.

Прычым, пры будаўніцтве жылля ветэраны ды інваліды вайны ніякіх ільготаў не атрымліваюць — будуюць на тых жа ўмовах, што і ўсе астатнія.

Мікалай Ком:
“Будуюць, як усе — з ільготным крэдытам і субсідыяй”.

Чаму ветэраны адмаўляюцца ад бясплатнага сацыяльнага жылля, Еўрарадыё патлумачыў старшыня Мінскага гарадскога саюза ветэранаў Анатоль Адоньеў. Паводле яго слоў, сутнасць праблемы ў тым, што пасля сыходу ветэрана з жыцця такая кватэра не застаецца ў спадчыну прапісаным там сваякам — яе неабходна вярнуць дзяржаве.

Анатоль Адоньеў: “У выпадку пэўных падзей, сыходу з жыцця і гэтак далей, то тыя, хто з ім пражываў у гэтым памяшканні, яго сваякі, якія жылі з ім разам, павінны былі цягам трох гадоў альбо пабудаваць сабе жыллё, альбо іншым чынам вырашыць пытанне і вызваліць памяшканне. Праўда, цяпер, у адпаведнасці з указам прэзідэнта, гэты тэрмін працягнуты да 10 гадоў”.

Ёсць у ветэранаў вайны, згодна са словамі Анатоля Адоньева, і яшчэ адна “кватэрная” праблема, якую ім ніяк не ўдаецца вырашыць. Сутнасць яе ў тым, што калі ветэран у свой час атрымаў бясплатную кватэру ад дзяржавы, але перадаў яе дзецям, а сам перайшоў жыць у сацыяльнае жыллё, то трэцяй бясплатнай кватэры ім ужо не атрымаць.

Анатоль Адоньеў: “Зараз некаторыя ветэраны жывуць у сацыяльным жыллі. І мы ставілі пытанне перад кіраўніцтвам горада, каб ім далі жыллё пастаяннае, якое не трэба вяртаць. Але рэч у тым, што некаторыя ветэраны ў свой час атрымалі кватэры, але потым перадалі іх дзецям. А самі перайшлі жыць у сацыяльнае жыллё, якое вяртаецца. Цяпер гэтае сацыяльнае жыллё за імі лічыцца і ніхто паўторна ім даваць нармальнае жыллё не будзе. Такая вось перад намі праблема стаіць, і мы ніяк яе не можам вырашыць”.

Але начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі катэгарычна супраць такой пастаноўкі пытання — аб выдзяленні бясплатнага жылля ва ўласнасць. Пры ўсёй павазе да дзяцей і ўнукаў ветэранаў вайны.

Мікалай Ком:
“Што значыцца бясплатна?! Ёсць парадак прадстаўлення жылля паводле дамовы сацыяльнага найму. Таму ў адпаведнасці з заканадаўствам і вырашаюцца пытанні”.

Між тым усяго пару гадоў таму пытанне аб прадстаўленні бясплатнага жылля ветэранам вайны ставілася зусім інакш. Так, у 2004 годзе тагачасны начальнік камітэта будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Яўген Воўна паабяцаў, што ў 2005 годзе дзяржава пабудуе і перадасць ветэранам вайны 300 кватэр. Бясплатна. Анатоль Адоньеў упэўнены, што гаворка ішла пра нармальнае, а не сацыяльнае жыллё. Вось толькі сказаць, ці выканала дзяржава свае абяцанні, ён не бярэцца — не ведае. Не далі нам уцямнага адказу на гэта пытанне і ў Мінгарвыканкаме.

Але цікава іншае: на дзень, калі сваё абяцанне даваў Яўген Воўна, у чарзе на жыллё стаялі 957 ветэранаў вайны. Сёння іх на чарзе — 640. Атрымліваецца, што калі абяцаныя 300 кватэр ветэранам перадалі ў 2005 годзе, то за 4 наступныя гады кватэры атрымалі толькі 17 чалавек. Гэта пры той умове, што ніхто з іх за гэты час не пайшоў з жыцця

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі