Віцебскі школьнік дапамог затрымаць рабаўніка
На ўрачыстай лінейцы, прысвечанай апошняму званку, выпускнік віцебскай сярэдняй школы №8 Яўген Гайко атрымаў падзяку ад міліцыі. Уручыў яе кіраўнік ведамства Міхаіл Грыб, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама.
Тыдзень таму па дарозе ў школу адзінаццацікласнік пабачыў, як на маладую жанчыну напаў рабаўнік і паспрабаваў забраць у яе сумку. Пачуўшы крык пра дапамогу, юнак падбег да жанчыны. Зламыснік, сутыкнуўшыся з актыўным супрацівам, паспяшаўся ўцячы.
Спалоханая жанчына выклікала міліцыю. Яўген, які добра запомніў прыкметы нападніка, аб'ехаў наваколле разам з праваахоўнікамі. На прыпынку грамадскага транспарту ён пабачыў зламысніка, і міліцыянты затрымалі яго. Выявілася, што гэта раней судзімы 38-гадовы жыхар Талачына.