Віцяблянін пад "фінансавую піраміду" забраў у людзей 4,5 млрд рублёў
Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы на віцябляніна, які падманам выкраў у грамадзян больш за 4,5 мільярда рублёў. Справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд, інфармуе сайт Следчага камітэта.
Паведамляецца, што 32-гадовы мужчына працаваў менеджарам аднаго з прыватных прадпрыемстваў Віцебска. Яго ахвярамі станавіліся бізнэсоўцы з Віцебска і Оршы. Мужчына распавядаў ім пра свой уяўны бізнэс-праект, які прынясе вялікі прыбытак. Пад гэтай нагодай ён прасіў пазычыць грошы, якія абяцаў вярнуць па першым патрабаванні крэдытора. Таксама ён абяцаў выплочваць рэгулярныя ўзнагароджанні за карыстанне пазычанымі грашыма.
Ахвярамі махляра сталі 19 чалавек. Яны пазычалі яму ад 50 мільёнаў да 1,5 мільярда рублёў. Са словаў пацярпелых, абвінавачаны рабіў уражанне надзейнага чалавека і выклікаў давер.
Мужчына вяртаць грошы не збіраўся. Ён плаціў першым крэдыторам абяцаныя адсоткі з грошай, якія пазычаў у наступных людзей. Такую дзейнасць ён працягваў пяць гадоў, атрымаўшы агулам больш за 4,5 мільярда рублёў.
Праваахоўнікі ўзялі зламысніка пад варту. Яго вінавацяць у махлярстве ў асабліва буйным памеры.
Фота: ru.tsn.ua