“Відаць, следчыя вераць чуткам”: Кастусь Шыталь пра ператрус у Параф’янаве

“Відаць, следчыя вераць чуткам”: Кастусь Шыталь пра ператрус у Параф’янаве

“Ведаю, што па Докшыцах даволі даўно ходзяць чуткі, што чат “Докшицы для жизни” — мой, але гэта няпраўда”, — распавядае Еўрарадыё краязнаўца з Параф’янава Кастусь Шыталь. 17 чэрвеня ў 11:30 да яго прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС і паказалі пастанову на ператрус.

“У дакуменце было напісана, што заведзена крымінальная справа па артыкуле 369 і ў мяне статус сведкі, — працягвае Шыталь. — Там былі ўказаныя даты, у якія ў мясцовым чаце нібыта былі напісаныя абразлівыя паведамленні ў адрас супрацоўнікаў міліцыі. Акрамя таго, нібыта нехта з Мінска даслаў поштай аднаму з міліцыянтаў ліст з абразамі. На думку следства, я з’яўляюся адміністратарам чата “Докшицы для жизни”. Насамрэч я гэты чат не ствараў, адміністратарам не з’яўляюся і ніколі не быў. Як мясцовы жыхар чытаю яго. Памятаю, што калісьці некаторыя карыстальнікі звярталіся да мяне як да адміна, але гэта не так. Відаць, следчыя вераць чуткам”. 

Суразмоўца кажа, што матэрыялаў справы не бачыў, як і не памятае нейкіх абразлівых паведамленняў у чаце. 

Ператрус у кватэры хлопца цягнуўся дзве гадзіны пры панятых — мясцовых жыхарах, якіх прывезлі міліцыянты. Госці паводзілі сябе карэктна, але забралі з сабой тры ноўтбукі, два тэлефоны, флэшку і прынтар. 

“Запакавалі і павезлі на экспертызу, — гаворыць Шыталь. — Калі вернуць, невядома. Гэта, канешне, на нейкі час прыпыніць маю працу”.     

Чаму супрацоўнікі крымінальнага вышуку прыйшлі да краязнаўцы? На думку хлопца, тут ёсць два варыянты.

“Магчыма, яны мусяць праводзіць расследаванне і не ведаюць, за што зачапіцца, таму і вырашылі ператрэсці хаця б мяне. Горшы варыянт — калі пад мяне капаюць адмыслова. Але я ніякай супрацьзаконнай дзейнасцю на займаюся, у пратэстах і іх арганізацыі ўдзелу не прымаў, бо маю дрэннае здароўе і дужа не падвяргаю сябе рызыцы. Спадзяюся, што ўсё будзе добра. Па згаданай справе знайсці ў мяне няма чаго”. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі