Відавочцы пра тэракт у Ніцы: "Людзі разляталіся як кэглі"

Відавочцы пра тэракт у Ніцы: "Людзі разляталіся як кэглі"

Відавочцы распавялі пра жахлівы тэракт у французскай Ніцы, дзе ўначы на 15 ліпеня тэрарыст на грузавіку праехаў праз натоўп на перапоўненай набярэжнай, загінулі больш за 80 чалавек, сярод іх шмат дзяцей. Трагедыя адбылася ў французскае нацыянальнае свята — Дзень узяцця Бастыліі. Дзясяткі тысяч чалавек прыйшлі на набярэжную, каб паглядзець на феерверкі, а апынуліся ў эпіцэнтры тэракту. Брытанскі студэнт Джоэль Фенстэр у інтэрв'ю The Telegraph распавёў, што ён быў адным з гэтых людзей.

"Мы прыйшлі на пляж, каб паглядзець на феерверкі, пасля, наколькі мы ведалі, павінен быў быць канцэрт, — успамінае Фенстэр. — Мы, як і многія іншыя проста прагульваліся па набярэжнай. Гэта быў ідэальна нармальны вечар". А пасля малады чалавек пабачыў, як у паніцы пабеглі людзі. Разам з імі пабег далей ад мора ў стары горад і брытанец. Дзесьці ззаду ён пачуў адзін, а пасля яшчэ два стрэлы. Гэта паліцэйскі адкрыў агонь і забіў тэрарыста-кіроўцу грузавіка.

Джоэль Фенстэр распавядае, што ён разам з іншымі людзьмі схаваўся ў нейкім рэстаране, яны думалі, што стралок можа знаходзіцца непадалёку. "Зайшлі паліцэйскія і загадалі ўладальніку рэстарана выключыць святло і апусціць жалюзі. Усе былі вельмі напалоханыя". Праз нейкі час праваахоўнікі вярнуліся і запатрабавалі пакінуць памяшканне. Яны настаўлялі на людзей зброю і правяралі іх сумкі.

"Гэта была бойня, — распавядае выданню іншы сведка, жыхар Ніцы Васім Бухель. — Целы былі паўсюль". Паводле яго слоў, калі грузавік спыніўся, яго кіроўца выйшаў з кабіны і пачаў страляць у людзей. Праўда, афіцыйная версія тэракту гэта не пацвярджае.

"Людзі разляталіся як кэглі", — цытуе словы Жака, уладальніка аднаго з рэстаранаў на набярэжнай Ніцы Reuters.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі