Віктар Шэйман сустрэўся з кіраўніцтвам непрызнанай Абхазіі
Віктар Шэйман на сустрэчы з Асланам Бжанія і Іналам Ардзінбам / presidentofabkhazia.org
Віктар Шэйман як "спецыяльны прадстаўнік" Аляксандра Лукашэнкі сустрэўся з прэзідэнтам непрызнанай рэспублікі Абхазія Асланам Бжанія і кіраўніком мясцовага МЗС Іналам Ардзінбам. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце абхазскага прэзідэнта.
"Бакі абмеркавалі пытанні, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, актуальныя аспекты еўразійскай інтэграцыі, перспектывы інвестыцыйна-эканамічнага супрацоўніцтва", — гаворыцца ў паведамленні.
Шэйман і Бжанія таксама абмяняліся падарункамі. Што менавіта перадаў Аляксандр Лукашэнка прэзідэнту непрызнанай рэспублікі, не паведамляецца. Таксама невядома, што ён атрымаў наўзамен.
Нагадаем, Беларусь дагэтуль не прызнавала незалежнасць Абхазіі.
Год таму Віктар Шэйман сышоў з пасады кіраўніка Упраўлення справамі прэзідэнта. Лукашэнка, калі ўзгадняў гэтую адстаўку, адзначыў: "Ты шмат разоў пісаў рапарт пра сыход у адстаўку. Я не згаджаўся з гэтым. Але я разумею, што калісьці час прыходзіць". Але тады ж ён папрасіў Шэймана "далёка не сыходзіць". І ўжо праз месяц Шэйман прыехаў да Лукашэнкі з дакладам пра вынікі паездкі ў краіны Лацінскай Амерыкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.