Вікторыя Азаранка паднялася ў тэнісным рэйтынгу адразу на 482 месца
Вікторыя Азаранка
У абноўленым рэйтынгу Міжнароднай тэніснай асацыяцыі беларуска Вікторыя Азаранка займае 201 месца. Месяц таму, пасля вяртання ў вялікі тэніс, Віка стала ўсяго толькі 683-й. Але дзякуючы паспяховай гульні на Уімблдоне (беларуская тэнісістка дабралася да 1/8 фінала), яна зрабіла скачок адразу на 482 месца!
Новы рэйтынг WTA апублікаваны раніцай у панядзелак. У жаночым разрадзе яго — упершыню ў кар'еры — узначальвае чэшская тэнісістка Караліна Плішкава. Далей ідуць румынка Сімона Халеп і немка Ангеліка Кербер.
Лепшая з беларусак — Аляксандра Сасновіч — размясцілася на 100-м радку рэйтынгу.
У мужчынскім рэйтынгу на першым месцы брытанец Эндзі Марэй, другі — іспанец Рафаэль Надаль. А швейцарац Роджэр Федэрэр, які ў нядзелю выйграў Уімблдон у восьмы раз у кар'еры, пацясніў з трэцяга месца серба Новака Джокавіча.