Вогнішча на чыгунцы: пракуратура накіравала ў суд яшчэ адну справу пра тэрарызм
Генеральная пракуратура накіравала ў суд справу жыхара Стаўбцоў, якога падазраваюць у тым, што ён распаліў вогнішча на чыгуначных шляхах, каб спыніць рух ваенных эшалонаў у бок Украіны.
Праваабаронцы пішуць, што гаворка ідзе пра 43-гадовага Сяргей Глебку, якога затрымалі ў сакавіку 2022 года. Згодна з матэрыяламі справы, падазраваны распаліў вогнішча незадоўга да прыбыцця цягніка. У пракуратуры лічаць, што ён зрабіў гэта “ў мэтах дэстабілізацыі нармальнай працы чыгуначнага транспарту”.
Лакаматыўная брыгада не паспела своечасова прымяніць экстранае тармажэнне і састаў праехаў над агнём. Машыніст чыгуначнага састава з вуглём, які ехаў следам, паспеў спыніць цягнік перад месцам узгарання, таму што яго папярэдзілі ў дыспетчарскай службе Беларускай чыгункі.
Пракуроры пішуць, што дзеянні затрыманага стварылі пагрозу цяжкіх наступстваў — аварыі, пашкоджання рухомага складу, згубы або траўмавання людзей.
Мужчыну інкрымінуецца здзяйсненне акта тэрарызму, а таксама наўмыснае прывядзенне ў непрыдатны для эксплуатацыі стан чыгуначных шляхоў зносін у мэтах учынення акта тэрарызму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.