Вольгу Саламаха з "Беларусь 1" выключылі з міжнароднага журы конкурсу песні
Вольгу Саламаха, намесніка галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 1", выключылі з міжнароднага журы конкурсу песні Melodifestivalen, паведамляе sputnik.by. На ім мусіць быць абраны прадстаўнік Швецыі на "Еўрабачанні". Але арганізатары вырашылі зрабіць гэта без беларускі. Прычынай называецца "унутрыпалітычная сітуацыя" ў нашай краіне.
"Тое, што мы выбралі Беларусь у склад міжнароднага журы, было памылковым рашэннем, — кажа прадусар Melodifestivalen Карын Гунарсан. — Мы вырашылі замяніць яе Вялікабрытаніяй".
Тым часам стала вядома, што пасля прагляду кліпа "Галасы ЗМеста" (яны будуць прадстаўляць РБ на "Еўрабачанні") інфапартал Eurovoix заклікаў СМІ не асвятляць удзел беларускага прадстаўніка ў міжнародным конкурсе песні. Сцвярджаецца, што Белтерадыёкампанія парушыла правілы конкурсу — у песнях не можа быць палітычных падтэкстаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.