Воўчак: Мы не пачулі галоўнага матыву, дзеля чаго гэта рабілася
Юрыст і былы следчы разважае пра прысуд Канавалаву і Кавалёву ды пытанні, якія пасля яго засталіся.
Еўрарадыё: Як вы ўспрынялі ўчорашні прысуд па справе Канавалава-Кавалёва?
111201 Vouchak_site.mp3
Алег Воўчак: Я лічу, што прысуд не пабудаваны на праўдзівых доказах, некаторыя з іх былі прадстаўлены незаконным спосабам, з працэсуальнымі парушэннямі...
Еўрарадыё: А што ў вас выклікае найбольш пытанняў?
Алег Воўчак: Тут нестыкоўкі ў паказаннях саміх абвінавачаных, паказаннях сведкаў, нестыкоўкі з месцамі здарэнняў, экспертызы, якія не ўбудоўваліся ў гэтую крымінальную справу… У сувязі з гэтым папярэдняе расследаванне фактычна паставіла ўсю справу пад сумнеў. І было відаць, што следству не было куды падзецца. Мы не пачулі галоўнага матыву, дзеля чаго гэта рабілася Канавалавым і Кавалёвым, не пабачылі дакладных і прамых доказаў, што яны гэта ўсё падрыхтавалі — бомбу гэтую зрабілі, прынеслі, узарвалі. Увогуле, грамадская думка, як гэта не дзіўна, на карысць асуджаных.
Еўрарадыё: Суд у гэтым прысудзе таксама вырашыў знішчыць шэраг рэчавых доказаў, якія знаходзіліся ў справе. Напрыклад, гэта тычыцца "изъятых с места взрыва в метро фрагментов взрывного устройства, флэш-карты и сим-карты, изъятых по месту проживания обвиняемых, макетов, изготовленных Коноваловым в ходе следственных экспериментов…". Чым тлумачыцца такое рашэнне? Навошта знішчаюцца гэтыя рэчавыя доказы?
Алег Воўчак: Рашэнне суда ўступае ў сілу адразу, без абскарджання, таму суддзя прымае рашэнне знішчыць рэчавыя доказы. Але такое рашэнне суда абурыла не мяне аднаго... Улічваючы, што гэта такая складаная справа і, мажліва, будзе яшчэ памілаванне, будзе прашэнне падавацца, маглі б гэтыя рэчавыя доказы захоўваць і далей, не нішчыць адразу. А так атрымліваецца, што гэта зроблена наўмысна, каб потым не было доказаў іх вінаватасці, альбо невінаватасці. Больш мэтазгодна было б усё гэта пакінуць, больш мэтазгодна было б ім пажыццёвае зняволенне даць. А калі заўтра здзейсніцца яшчэ аналагічны выбух і каго яны змогуць потым дапытаць, з чым параўнаць? Таму я думаю, што яны павінны былі ўсе гэтыя рэчавыя доказы прытрымаць і не спяшацца з іх знішчэннем.
Фота — bymedia.net