Пакуль прэзідэнт Габона лекаваўся за мяжой, была няўдалая спроба дзяржперавароту
Уладу ў Габоне спрабавала ўзяць войска. Пра гэта, як перадае Бі-Бі-Сі, паведамілі самі афіцэры гэтай афрыканскай краіны, багатай на нафту і карысныя выкапні. Узначалілі пераварот афіцэры малодшага каманднага саставу. Яны заявілі, што іх мэтай з'яўляецца аднаўленне дэмакратыі. Дагэтуль Габонам 50 гадоў кіравалі прадстаўнікі адной сям'і.
На вуліцы Лібрэвіля, сталіцы краіны, былі выведзеныя танкі і бронемашыны.
Прэзідэнт Габона Алі Бонга замяніў на гэтай пасадзе свайго бацьку Амара Бонга ў 2009 годзе. У 2016 годзе ён быў з невялікай перавагай пераабраны на новы прэзідэнцкі тэрмін. Самога Алі Бонга няма ў краіне ўжо два месяцы: ён лекуецца ў Саудаўскай Аравіі пасля інсульту.
Афіцэры, якія ўзначалілі пераварот, папрасілі падтрымкі ў моладзі, заклікаўшы яе браць свой лёс ва ўласныя рукі. Аднак гэтае выступленне было падаўленае вернымі прэзідэнту войскамі.