Вучоныя прачыталі думкі нямога, а амерыканка скончыла школу ў 99 гадоў #ІхНоравы

Міжнародныя навіны

Міжнародныя навіны / @rubanau_collage

Калі вы раптам планавалі купіць сабе замак у сярэднявечным стылі — мы адшукалі для вас цудоўны варыянт усяго за 2 мільёны еўра. Падрабязнасці ў нашай штодзённай падборцы міжнародных навін.

 

Амерыканка скончыла школу ў 99 гадоў. Такое бывае?

У свой час Элеаноры Монінгер не хапіла толькі аднаго класа, каб скончыць школу — вучобу перапыніла Другая сусветная вайна. Брат пайшоў на фронт, а бацьку патрабавалася дапамога ў гаспадарцы.

Да таго часу, як яна вызвалілася ад кармлення куранят і даення кароў, яе аднагодкі ўжо скончылі школу, а вучыцца з падлеткамі, якія былі яшчэ маладзейшымі, яна не хацела.

Пазней Монінгер выйшла замуж, у яе з'явіліся дзеці. Але думкі, што яна так і не скончыла школу, працягвалі яе пераследаваць. У мінулую суботу 99-гадовая жанчына ўсё ж такі атрымала атэстат у прысутнасці амаль 3000 чалавек — усе яны былі маладзейшыя за Элеанору больш чым на 80 гадоў.

Знаходзячыся на сцэне, Монінгер намякнула, што атрыманне дыплома аб сярэдняй адукацыі не стане канцом яе акадэмічнай кар'еры.

"Мне толькі 99 гадоў. Я магу пайсці далей і адвучыцца некалькі курсаў у каледжы", — прызналася жанчына. Вось гэта імпэт да жыцця!

 

Сцеражыся… электрамабіля

Нядаўні аналіз дарожна-транспартных здарэнняў у Вялікабрытаніі паказаў, што электрамабілі збіваюць пешаходаў часцей, чым бензінавыя або дызельныя транспартныя сродкі. Асабліва ў гарадах, піша The Guardian.

Па-першае, кіроўцы электрамабіляў, як правіла, маладзейшыя і менш дасведчаныя. Па-другое, экалагічныя машыны — нашмат цішэйшыя, чым аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання, што робіць іх менш заўважнымі ў гарадскім шуме.

"Калі вы перасаджваецеся на электрамабіль, памятайце, што гэта новы від транспарту, яны нашмат цішэйшыя за звычайныя аўтамабілі, а пешаходы навучыліся арыентавацца на дарогах, прыслухоўваючыся да руху транспарту", — папярэджвае аўтар даследавання Філ Эдвардс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі