Вярхоўны суд не змяніў прысуд "смяротніку" з Бабруйска
14 траўня Вярхоўны суд у новым будынку на Арлоўскай вуліцы ў Мінску разгледзеў апеляцыйную скаргу Аляксандра Асіповіча і пакінуў прысуд суда Магілёўскай вобласці ад студзеня 2019-га без зменаў. Асіповіч быў асуджаны да смяротнага пакарання. Яго прызналі вінаватым у жорсткім забойстве ў Бабруйску двух дзяўчат — 26-гадовай Крысціны і 27-гадовай Алесі.
Трагедыя адбылася ў ноч з 19 на 20 ліпеня 2018 года. Дзяўчаты бавілі час у клубе "Прэстыж" у Бабруйску, там пазнаёміліся з Аляксандрам Асіповічам, выпілі і паехалі да яго дадому. Праз некалькі гадзін у міліцыі пачулася тэлефанаванне — Крысціна паспела пракрычаць, што яе забіваюць. На жаль, яна не змагла назваць дакладны адрас. Калі міліцыянеры знайшлі кватэру, дзе здзяйснялася злачынства, абедзве дзяўчыны ўжо былі мёртвыя.
Па версіі абвінавачвання, Асіповіч жорстка забіў дзяўчат. Адной з ахвяраў мужчына нанёс 77 удараў малатком і рукамі, у другой дзяўчыны налічылі 16 ран (амаль усе — на галаве і шыі).
У Аляксандра Асіповіча ёсць 10 дзён, каб папрасіць кіраўніка дзяржавы аб памілаванні. Яго сваякі кажуць, што ён абавязкова скарыстаецца такой магчымасцю.