Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд “хлопцу з бензапілой”
Вярхоўны суд 13 чэрвеня пакінуў без зменаў прысуд Уладу Казакевічу, які нападаў на людзей з бензапілой ў ГЦ “Еўропа”, забіў адну супрацоўніцу гандлёвага цэнтра і параніў яшчэ дваіх.
Адвакат Казакевіча, асуджанага на 15 гадоў зняволення, падаваў апеляцыю, каб хлопцу прызначылі паўторную псіхіятрычную экспертызу, а таксама каб прысуд адмянілі. У судзе ён выказваў думку, што Казакевіч можа быць хворы на шызафрэнію — тады яго трэба лекаваць. Суд адхіліў хадайніцтва і пакінуў прысуд без зменаў.
Бок адваката таксама прыняла пацярпелая Ірына Баешка, прыбіральшчыца ГЦ “Еўропа”. Яна непакоіцца, што пасля вызвалення хлопец зноў пачне забіваць, бо “калі ён хворы, яго трэба лекаваць”. Іншыя пацярпелыя і прадстаўнік Генпракуратуры не падтрымалі хадайніцтвы адваката.
У кастрычніку 2016 года яшчэ непаўнагадовы Улад Казакевіч зайшоў у гандлёвы цэнтр “Еўропа” з чахлом для гітары, у якім была бензапіла і сякера. Ён нанёс два ўдары бензапілой адной з супрацоўніц цэнтра. Калі піла перастала працаваць, ён дастаў сякеру і пачаў біць ёй. Затрымаць яго дапамог адзін з наведнікаў цэнтра.
На судзе Улад Казакевіч прызнаўся, што хацеў, каб яго застрэлілі падчас затрымання. Ён шакаваў удзельнікаў судовага працэсу сваімі выказваннямі аб тым, што “хацеў забіць як мага болей людзей і хоча забіваць далей”.