Вярхоўны суд слухае справу аб банкруцтве “Дэльта Банка”
На паседжанні ў панядзелак апыталі прадстаўнікоў часовай адміністрацыі і Нацбанка.
Вярхоўны суд 18 траўня пачаў разгляд справы аб банкруцтве “Дэльта Банка”. Справу слухае судовая калегія па эканамічных справах на чале з суддзёй Сцяпанам Турмановічам.
Як паведамляе тэлеканал АНТ, на сённяшнім паседжанні адбылося апытанне бакоў: выступалі прадстаўнікі часовай адміністрацыі “Дэльта Банка” і Нацбанка. Паводле іх інфармацыі, банк аказаўся ў складаным фінансавым становішчы. У пачатку года былі спробы яго ўратаваць, аднак 800 мільярдаў рублёў падтрымкі ад Нацбанка не дапамаглі гэтай крэдытнай установе.
Заяву аб банкруцтве крэдытнай установы ў Вярхоўны суд падалі 24 красавіка. У выпадку прызнання "Дэльта Банка" банкрутам будуць выконвацца ўсе прадугледжаныя заканадаўствам працэсуальныя дзеянні. Гаворка ідзе аб фарміраванні рэестра патрабаванняў крэдытораў, правядзенні іх сходу, зацвярджэнні плана лiквiдацыi. Пасля гэтага пачнуцца выплаты кампенсацыі укладчыкам з ліку юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Абавязанні перад імі будуць выконвацца за кошт маёмасці банка. Мяркуецца, што гэта адбудзецца ў другой палове года.
Нагадаем, што Нацбанк адклікаў ліцэнзію ў “Дэльта Банка” з 18 сакавіка ў сувязі з невыкананнем ліцэнзійных патрабаванняў, а таксама складаным фінансавым становішчам крэдытнай арганізацыі.
Фота з архіву