“Вясна” разабралася ў блытаніне са спісам вызваленых 19 сакавіка. Выйшлі ня тыя
Сустрэча вызваленых палітвязняў у Вільні 16 сакавіка / @viasna96
Праваабаронцы “Вясны” разабраліся з блытанінай у спісах вызваленых 19 сакавіка палітвязняў.
Першапачаткова там значыўся фігурант “справы Гаюна” Аляксандр Махнач — аднак з калоніі ён так і не выйшаў. На волі ж апынуўся палітзняволены Уладзімір Махнач, які быў асуджаны па шэрагу артыкулаў да 4,5 гадоў пазбаўлення волі.
Падобная сітуацыя адбылася і з палітзняволеным журналістам Дзмітрыем Наважылавым, які быў у першапачатковых спісах на вызваленне, але з калоніі так і не выйшаў. Затое на волі апынуўся палітвязень Уладзіслаў Наважанцаў, якога не было ў спісах памілаваных.
19 сакавіка пасля візіту ў Мінск спецпрадстаўніка ЗША па Беларусі Джона Коўла на волю выйшла 250 палітычных зняволеных. 15 з іх дэпартавалі ў Вільню, а 235 засталіся ў Беларусі.