Вязень-расіянін учыніў самагубства ў калоніі пад Віцебскам — праваабаронцы

Калонія "Віцьба"

Калонія "Віцьба" / "Белсат"

Грамадзянін Расіі пакончыў з сабой у папраўчай калоніі №3 "Віцьба". Гэта адбылося ў канцы снежня 2024 года, паведамляюць праваабаронцы "Гомельскай Вясны".

50-гадовы грамадзянін Расіі быў асуджаны на 16 гадоў зняволення паводле "наркатычнага" артыкула. Вязень прасіў перавесці яго ў Расію для адбыцця пакарання. У РФ людзі, асуджаныя паводле такога артыкула, як кажуць праваабаронцы, маюць права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне ці іншыя льготы. Раней у Беларусі даволі часта практыкаваліся такія пераводы, але на гэты раз расіянін атрымаў адмову.

Мужчыну недалічыліся кантралёры на начной праверцы. Калі пачалі шукаць, то яго знайшлі мёртвым у летняй сушылцы для бялізны лакальнага ўчастка.

Былыя зняволеныя "Віцьбы-3" кажуць, што ў калоніі толькі цягам 2024 года памерлі не менш як тры чалавекі. Яны вінавацяць ва ўсім адсутнасць належнай дыягностыкі захворванняў і лячэння.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.