Выбаршчык: Куды глядзіць Цэнтрвыбаркам?! У нас жа кандыдат судзімы!

На Ангарскай выбарчай акрузе № 2 у Мінску тры кандыдаты. Адзін з іх мае тры судзімасці — за махлярства, незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць ды раскраданне шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Не паспяваем нават падысці да ўчастка № 17, як насустрач выбягае жанчына. Па яе твары здагадваемся, што нешта не так.

“Гэта ж жах! Я як прачытала! Гэта ж ўвогуле жах! Каго выбіраем? Судзімых!” — выбаршчыца толькі што адстралялася: паставіла галачку за кандыдата. Але яе так уразіў кандыдат з трыма судзімасцямі, што яна нават не можа адказаць на пытанне, чым зачапіў яе прэтэндэнт. Кажа, што хапіла і біяграфій...

Перад выбарчым участкам электарат паўтарае рытуал: спачатку чытае біяграфію кандыдатаў, а потым ідзе за бюлетэнем.

“Вельмі мала было нейкай інфармацыі, — спыняецца дзед. На дзвюх мыліцах ён ідзе галасаваць у дзень выбараў. — Звычайна была агітацыя на нашай мясцовай плошчы, а цяпер нічога!”

Тое, што адзін з кандыдатаў мае ажно тры судзімасці, уражвае ўсіх апытаных выбаршчыкаў без выключэння.

“Вось я збіраюся за гэтага галасаваць, ён малады хлопец, няхай ідзе. А за рэцыдывістаў навошта? Чым думае Цэнтрвыбаркам”, — кажа выбаршчык Саша. Яго цягне жонка: “Саша, цябе запісваюць!”.

Але Сашу ўжо не стрымаць: “Былых рэцыдывістаў не бывае!”, — кажа ён і накіроўваецца ставіць галачку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі