“Выбуховая хваля” скінула адных і ўзнагародзіла другіх

На гэтым тыдні беларускія СМІ хвалявалі две асноўныя тэмы – выбух у Мінску 3 ліпеня падчас святкавання Дня Незалежнасці і адстаўкі кіраўніка Савета Бяспекі, бліжэйшага паплечніка Аляксандра Лукашэнкі цягам шматлікіх гадоў Віктара Шэймана і кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Генадзя Нявыгласа. Вось толькі агляд прэсы гэтым разам атрымаецца ў пэўным сэнсе “віртуальным”, бо асвятленнем гэтых тэм амаль цалкам займаліся незалежныя Інтэрнэт-СМІ, а афіцыйная прэса да іх амаль не звярталася. У першую чаргу гэта тычыцца гучных адставак Віктара Шэймана і Генадзя Нявыгласа. Праўда, усе афіцыйныя выданні абмежаваліся толькі сухім перадрукам паведамлення прэс-службы прэзідэнта пра тое, што кіраўнікоў Саўбеза і Адміністрацыі прэзідэнта вызвалілі з пасад у сувязі з пераходам на іншую працу. Прыкладам таго можа стаць самая “чэсная” з газет – выданне Адміністрацыі прэзідэнта “Советская Белоруссия”. Іншая справа незалежныя журналісты. Ім гэта паведамленне дало падставу для шматлікіх абмеркаванняў.
Перш за ўсё гэта тычылася нагоды, з-за якой згубілі працу два бліжэйшыя паплечнікі Лукашэнкі. І ў першую чаргу такая адыёзная фігура, як Шэйман, якому прыпісвалі ініцыятыву арганізацыі знікнення вядомых беларускіх палітыкаў. Афіцыйна выглядала на тое, што іх “знесла” выбухам, што прагучаў на Дзень Незалежнасці. Але незалежныя журналісты не прывыклі верыць таму, што ляжыць на паверхні, і асабліва таму, што кажуць улады.
Вось якое меркаванне з’явілася на сайце “Белорусские новости”.

“Узровень уплыву Шэймана на Лукашэнку пачаў імкліва зніжацца пасля таго, як на паверхах улады з’явіўся Віктар Лукашэнка, на пачатку 2005 года прызначаны памочнікам прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі. Такую ж пасаду ў Саўбезе сумяшчаў і Віктар Шэйман, але ў лістападзе 2007 года колькасць памочнікаў была скарочаная да аднаго чалавека – сына беларускага кіраўніка. Аналітыкі мяркуюць, што Лукашэнка ў апошнія гады перастаў давяраць свайму атачэнню, таму ўсе асноўныя пасады завязвае выключна на сабе і сваім сыне-памочніку”.


Блізкае да гэтага тлумачэнне адстаўкі Шэймана з’явілася і на партале “Завтра твоей страны”. Выказаў яго сацыёлаг Аляксандр Сасноў.

“Шэйман – апошні “лёзненскі зубр”, і я не думаю, што Аляксандру Рыгоравічу так проста з ім развітацца, бо яны павязаныя не толькі Лёзнам, але і больш сур’ёзна. З іншага боку, не думаю, што Шэйман мог гэтую адстаўку ўспрыняць лёгка і добраахвотна. Падбна на тое, што Лукашэнка яго проста прыбірае і хавае ад сваіх мінулых спраў. Прыбраўшы Шэймана, Лукашэнка прыбраў з вярхоў чалавека, які ведаў пра вельмі сур’ёзныя праблемы”.

Маўчалі пра адстаўку не толькі афіцыйныя СМІ, але і дзяржаўныя чыноўнікі. І толькі сенатар Мікалай Чаргінец пагадзіўся даць свой каментар агенцтву БелаПАН.

"Мусіць, памылка Віктара Шэймана ў тым, што ён не меў вакол сябе прафесіяналаў, а калі і былі прафесіяналы, то ў плане пошуку кампрамату на людзей. Часам проста ўсё зводзілася да звядзення асабістых рахункаў, яны не займаліся па-вялікаму дзяржаўнымі справамі і не бачылі сваёй ролі ў абавязку дзяржавы забяспечваць бяспеку грамадства”.
Пры гэтым старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы верхняй палаты звярнуў увагу на тую акалічнасць, што Лукашэнка "неаднаразова крытыкаваў дзеянні Савета бяспекі".


Хутка з’явіліся і меркаванні, хто можа заняць пасаду апальных чыноўнікаў -- Наталля Пяткевіч і Аляксандр Зімоўскі. Але абодва ў размове з БелаПАН адкрыжаваліся ад такіх прызначэнняў.

З гэтай нагоды хацелася ўзгадаць інтэрв’ю вядома астролага Паўла Глобы, якое ён даў Еўрарадыё яшчэ 30 ліпеня 2007 года.

“Наступны год стане сур’ёзным выпрабаваннем для вашага лідэра. Я лічу, што ў канцы лета - пачатку восені ў яго будзе магчымасць змены кіраўніцтва ўлады, і яму трэба будзе на гэта вырашыцца. Зрабіць нейкую ачыстку чыноўнікам. Гэту сітуацыю я б назваў “ціхай паўзучай змовай” і рэальнай пагрозай сярод асяроддзя. Калі Лукашэнка павядзе сябе рашуча, тады яго пазіцыя не пахіснецца, а наадварот узмацніцца”.

Што тычыцца выбухаў, то тая ж “Советская Белоруссия” абмежавалася двумя артыкуламі на гэтую тэму. У адным расказвала, што, нягледзячы на трагедыю 3 ліпеня, 4 ліпеня на “Лініі Сталіна” прайшло ўрачыстае шоу. У другім – расказалі аб працы дактароў, якія лекуюць пацярпелых ад “злоснага хуліганства”. Тое ж назіралася і ў іншых афіцыйных выданняў. Іншая справа – Інтэрнэт-парталы. Сярод вялікай колькасці матэрыялаў хацелася б адзначыць аналітычны матэрыял Аляксандра Фядуты, надрукаваны на сайце “Наше мнение”.

“Аляксандра Лукашэнку ўспрымаюць не як палітыка, а як бізнэсмена. Бо ў сітуацыі з кіданнем буйных бізнэсменаў па-за межамі краіны ён і паводзіў сябе як бізнэсмен перыяду першапачатковага назапашвання капіталу. І паколькі паводзіў ён сябе як бізнэсмен-кідала, то і з ім маглі абыйсціся такім жа чынам”.

Сам жа кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз здзівіў сваімі паводзінамі. У той час, калі адных выбухам “знесла”, іншым на кіцелі выбуховай хваляй надзьмула ўзнагародаў. Вось якое паведамленне перадало афіцыйнае інфармагенцтва БЕЛТА 10 ліпеня.

“Сёння Аляксандар Лукашэнка прысвоіў пазачарговае званне генерал маёра палкоўнікам Івану Каржу, Мікалаю Смаленскаму, Сяргею Бобрыкаву, Міхаілу Пузікаву. Іван Корж — начальнік Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці, Мікалай Смаленскі — намеснік старшыні КДБ па кадравым забеспячэнні і арганізацыйнай рабоце. Сёння Лукашэнка таксама падпісаў указ пра прызначэнне Ігара Бахматава начальнікам Інстытута нацыянальнай бяспекі, вызваліўшы яго ад пасады начальніка Упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці”.


Яшчэ адной тэмай, якую актыўна пачалі абмяркоўваць у другой палове гэтага тыдня незалежныя Інтэрнэт-СМІ і цалкам праігнаравалі афіцыйныя, – арышты па падазрэнні ў датычнасці ў арганізацыі выбуху актывістаў дэмакратычнай апазіцыі. У пятніцу за кратамі апынуліся па розных звестках ці то 13, ці то 14 чалавек. Гэта Сяргей Высоцкі, Павел Кур’яновіч, Сяргей Чыслаў, Міраслаў Лазоўскі, Ілля Богдан, Антон Койпіш, Віктар Ляшчынскі, Тацяна Пекун, Ігар Корсак, Аляксандр Сяргеенка, Міхась Пашкевіч, Кірыла Паўлоўскі, Віталь Стажараў і адзін невядомы пакуль праваабаронцам чалавек. Якім будзе іх далейшы лёс – у наступным аглядзе прэсы і штодзённа на сайце Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі