Выдумляецца нейкая лухта — прадстаўнік Мінтранса заступіўся за "Белавія"
Кіраўнік Дэпартамента авіяцыі Мінтранса Арцём Сікорскі пракаментаваў магчымыя санкцыі супраць "Белавіі" / ctv.by
Абвінавачванні ў адрас нацыянальнай авіякампаніі "Белавія" ў тым, што яна датычная да арганізацыі міграцыйных патокаў, не маюць пад сабой падстаў, заявіў дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Арцём Сікорскі ў эфіры тэлеканала СТБ.
"Мы некалькі разоў адзначалі, што "Белавія" ніколі не выконвала палёты па тых напрамках, у якіх нас абвінавачваюць. Проста выдумляецца нейкая лухта, іншага слова нават падабраць не магу", — заявіў Сікорскі.
У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю з павелічэннем рэйсаў у Турцыю. Ён нагадаў, што колькасць рэйсаў была павялічаная пасля таго, як сталі немагчымыя прамыя пералёты ў большасць еўрапейскіх гарадоў. У выніку "людзі паляцелі праз Турцыю, каб дабрацца неяк у гэтую Еўропу".
Але нават калі сярод пасажыраў, якія ляцяць у Мінск, і ёсць мігранты, у супрацоўнікаў авіякампаніі няма падставаў адмаўляць ім у пасадцы.
"Як авіякампанія можа адрозніць мігранта ад немігранта? Чалавек купляе білет, на падставе чаго мы можам яму забараніць пералёт? Бо мы тады звярнуліся да нашых еўрапейскіх партнёраў: апублікуйце пералік краін, нацый, нацыянальнасцяў, веравызнанняў — па любой прыкмеце. Скажыце: гэтыя людзі не могуць карыстацца паветраным транспартам", — заявіў Сікорскі.
У цяперашні час, на фоне міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з краінамі ЕС, Еўрасаюз рыхтуе чарговы пакет санкцый супраць Мінска. У санкцыйным спісе можа аказацца і "Белавія". У Брусэлі мяркуюць, што да арганізацыі нелегальнай перапраўкі мігрантаў у краіны ЕС датычны і нацыянальны авіяперавозчык.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.