"Выкарыстоўваць досвед Кітая": якім улады бачаць лічбавае грамадства ў Беларусі
Кітайская праграма Alipay на тэлефоне / unsplash.com
На мінулым тыдні ўлады загаварылі пра стварэнне ў Беларусі дзяржаўнага органа па рэгуляванні лічбавай сферы. Каментуючы гэту ініцыятыву, Лукашэнка даручыў "максімальна выкарыстоўваць досвед Кітая ў пабудове лічбавага грамадства".
Што гэта за "досвед Кітая"? Калі размова заходзіць пра тое, як Пекін будуе лічбавае грамадства, у галаву звычайна прыходзіць сістэма сацыяльнага рэйтынга і іншыя эфектыўныя, але не вельмі чалавечныя рэчы. І становіцца страшна за будучыню. Мы вырашылі ўявіць, якой можа стаць Беларусь, калі чыноўнікі возьмуць пад казырок і сапраўды будуць "аблічбоўваць" грамадства на кітайскі ўзор.
Сістэма сацыяльнага рэйтынга
Сістэма сацыяльнага рэйтынга — гэта база звестак, якая адсочвае і ацэньвае надзейнасць людзей, кампаній і дзяржаўных устаноў. Усё як у камп'ютарнай гульні. У каго рэйтынг высокі — тыя маюць перавагі. У каго рэйтынг нізкі — на тых накладваюцца абмежаванні.
За рэйтынг адказваюць Нацыянальная камісія развіцця і рэформаў, Народны банк Кітая і судовая сістэма. Яны збіраюць звесткі з фінансавых, судовых і ўрадавых дакументаў, органаў па рэгістрацыі грамадзянскіх адносін, крэдытных платформаў. Прымаюцца пад увагу і розныя аспекты ўдзелу ў грамадскім жыцці: ад паводзін у сацыяльных сетках да запісаў у працоўнай кніжцы.
Парушаеш ПДР — атрымліваеш паніжэнне ў сацыяльным рэйтынгу. Пераходзіш дарогу ў неналежным месцы больш за пяць разоў на год — нядобранадзейны. Парушальнікаў выклікаюць на прафілактычную гутарку або выпісваюць папярэджанне. Пры больш сур'ёзных правінах парушальнікі становяцца фігурантамі публічнай базы звестак ганьбы.
Сістэма агульнанацыянальная, але часам у некаторых раёнах дзейнічаюць свае правілы. Прычым фармулююцца яны, што называецца, без комплексаў. Напрыклад, у Пекіне прапаноўвалася зніжаць сацыяльны рэйтынг для тых, хто займае больш за адно месца ў цягніках метро. У горадзе Жунчэн даюць павышэнне рэйтынга за валанцёрства, здачу крыві. З "плюшак" — могуць паменшыць рахунак за камунальныя паслугі, бясплатны медагляд.
Сацыяльны рэйтынг асабліва важны пры ўзаемаадносінах жыхароў з грашыма. Людзям з высокім рэйтынгам больш давяраюць пры арэндзе дзяржаўнага жылля, аддаюць прыярытэтную ўвагу пры аказанні медыцынскай дапамогі. Могуць выдаць крэдыт пад меншую стаўку або без дадатковых запэўненняў у плацежаздольнасці.
"Залаты шчыт" — "Вялікі кітайскі фаервол"
Інфармацыя пра "Вялікі кітайскі фаервол" да гэтага часу засакрэчаная, а афіцыйныя органы пазначаюць яе як дзяржаўную таямніцу. Сутнасць сістэмы — цэнзураванне інтэрнэту. Першапачаткова ўсё працавала даволі прымітыўна: рэсурсы, якія ўлады адносілі да "шкодных", блакаваліся па даменных імёнах і IP-адрасах. Усіх замежнікаў і жыхароў краіны "дэананімізавалі". Каб выйсці ў інтэрнэт з кавярні або гасцініцы, трэба было прад'явіць пашпарт.
Крыху пазней тэхналогіі сталі развівацца, і кітайскі фаервол навучыўся правяраць старонкі па іх змесціве. Пры выяўленні "нягоднага" кантэнту трафік фільтруецца і прылада не можа загрузіць старонку, нават калі яе яшчэ няма ў спісе.
Варта ўспомніць, што ў Кітаі не працуюць сэрвісы накшталт фэйсбука, твітара і ютуба. Менавіта на этапе, калі навучыліся фільтраваць інтэрнэт-пакеты звестак па змесціве, і пачалося "высяленне" папулярных платформаў — гэта адбывалася ў 2011–2013 гадах. У адказ кітайцы пачалі масава выкарыстоўваць VPN, а "Залаты шчыт" пачаў секчы і гэтыя каналы сувязі. Але VPN да гэтага часу не пераможаны да канца.
Замежнікі расказваюць, што ў Кітаі можна карыстацца звыклымі сайтамі, таму што ўсе ведаюць пра VPN. Але асноўная праблема — нізкая хуткасць "вонкавага" трафіку.
Татальнае відэаназіранне
Сістэму распазнавання твараў на аснове звестак з камер відэаназірання ў Кітаі пачалі будаваць у 2015 годзе. Улады са старту заяўлялі, што праз пяць гадоў кітайская сетка камер будзе найбуйнейшай у свеце і дазволіць пазнаваць у твар кожнага жыхара краіны за тры секунды. Першапачаткова планавалася ўсталяваць каля 450 мільёнаў камер, але не паспелі. Да канца 2020 года, па прыблізных падліках, паставілі толькі палову — прыкладна 200 мільёнаў.
Паводле ацэнак праваабаронцаў, адной з важных мэт стварэння інтэлектуальнай сістэмы відэаназірання ёсць "расправа з сацыяльнымі пратэстамі маніфестантаў і дысідэнтаў". Афіцыйна ж яна ствараецца для барацьбы са злачыннасцю.
Тое, што пакрыху з'яўляецца цяпер ва Украіне, Расіі і Беларусі, у Сіньцзяне ўжылі ў 2017 годзе. Тады навучаць сістэму распазнання твараў пачалі прымусова — прымушалі жыхароў праходзіць праз сканеры твараў пры ўваходзе на вакзалы, рынкі і аўтазапраўкі.
А ў 2021 годзе камеры ўсталёўваюцца проста перад уваходнымі дзвярыма ў кватэры грамадзян Кітая — каб папярэджваць парушэнні самаізаляцыі і каранцінных мер.
Заплаціць за ўсё
Праз тое, што знешні інтэрнэт знаходзіцца за "Вялікай кітайскай сцяной", у Кітаі распрацаваны ўласныя аналагі ўсіх папулярных сэрвісаў. Гэта датычыцца нават плацежных сістэм тыпу Apple Pay.
У Кітаі ролю "кашалька" выконваюць дзве праграмы: WeChat і AliPay. Першая пачынала проста як месенджар, але потым разраслася ў super-app, уключыла ў сябе функцыі дастаўкі, электроннага кашалька, сацыяльнай сеткі, анлайн-крамы, перакладчыка. Другая першапачаткова была фінансавай сістэмай. З дапамогай WeChat і AliPay у Кітаі можна аплаціць усё, што можна купіць легальна.
Як працуюць плацяжы ў Кітаі? Ніякіх дакрананняў, проста трэба націснуць кнопку "аплаціць" у праграме і паказаць штрых- або QR-код касіру, які скануе яго пасля тавараў з кошыка. Ёсць функцыя "трансфер", з дапамогай якой можна перасылаць грошы суразмоўнікам у чаце.
Вынік
Дзіўны эфект такога 20-гадовага адасобленага развіцця кітайскага інтэрнэту заключаецца ў тым, што абсалютная большасць карыстальнікаў ужо не мае патрэбы ў іншай інфармацыі. Заходнія рэсурсы нікога не цікавяць, таму што краіна існуе на аналагах. Функцыянальнасць якіх часам нават абганяе "арыгіналы" праз большую аўдыторыю і фінансавыя ўліванні.
Наўрад ці дзесяцімільённая краіна зможа гэтаксама стрэліць тэхналогіямі і выгодамі. Але яе ўлады цалкам могуць сабе дазволіць наладзіць кантроль за грамадзянамі на кітайскі ўзор.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.