Выказваем заклапочанасць: Кім Чэн Ын не бярэ слухаўку, троляў не пусцяць на матч

Кароткі агляд сусветных навін на густ Еўрарадыё 
Кароткі агляд сусветных навін на густ Еўрарадыё 

Паўночная і Паўднёвая Карэі наладзілі паміж кіраўнікамі краін тэлефонную сувязь, але ненадоўга. За расісцкі інтэрнэт-каментар можна будзе прапусціць рэальны футбольны матч у Вялікабрытаніі. Улады Кітая выбіраюць, якія песні можна будзе спяваць у караоке. 

Кароткі агляд сусветных навін на густ Еўрарадыё.

Хакеры скралі 600 млн долараў, але абяцаюць іх вярнуць 

Платформа Poly Network, якая дазваляе абменьваць такены паміж рознымі блокчэйнамі, падвергнулася атацы хакераў. У выніку нападу было выкрадзена крыптавалюты больш чым на 600 мільёнаў долараў, паведамляе Bloomberg.

Poly Network раскрыла адрасы хакераў, заклікаўшы блакаваць пераводы ад іх адпраўнікоў. Кампанія таксама апублікавала ў Твітары зварот да ўзломшчыкаў, дзе папярэдзіла пра крымінальную адказнасць.

Менш чым праз суткі пасля крадзяжу хакеры адказалі на ліст, дзе напісалі, што... "гатовыя вярнуць сродкі". Аднак пра вяртанне актываў пакуль не паведамлялася.

У Вялікабрытаніі не будуць пускаць на матчы інтэрнэт-каментатараў за расісцкія выказванні

Кіраўніцтва англійскай Прэм'ер-лігі па футболе абвясціла аб узмацненні мер па барацьбе з дыскрымінацыяй у сезоне 2021/2022.

"Клубы Прэм'ер-лігі дамовіліся аб увядзенні новых пакаранняў у маштабах усёй лігі, уключаючы адхіленне для любога абвінавачанага ў дыскрымінацыйных або абразлівых паводзінах у дачыненні да любога супрацоўніка клуба, гульца, афіцыйнага прадстаўніка на гульні, сцюарда або заўзятара, які прысутнічае на матчы Лігі", — гаворыцца ў дакуменце.

Гэтыя меры распаўсюджваюцца і на дзеянні, учыненыя ў сеціве Інтэрнэт. Санкцыі прадугледжваюць пастаянную забарону на наведванне не толькі хатніх матчаў, але і ўсіх гульняў турніру.

Акрамя таго, на мінулым тыдні было абвешчана, што ў сезоне 2021/2022 футбалісты і афіцыйныя асобы на гульнях будуць насіць на сваіх футболках значок "Няма месца расізму" ("No Room For Racism").

Кін Чэн Ын не здымае слухаўку

Пхеньян перастаў адказваць на званкі з Сеула. Адбываецца гэта на фоне сумесных вучэнняў Паўднёвай Карэі і ЗША, паведамляе ТАСС са спасылкай на агенцтва "Енхап".

Спецыяльны канал сувязі паміж краінамі быў адноўлены ў канцы ліпеня. Іх лідары Кім Чэн Ын і Мун Чжэ Ян дамовіліся спрыяць аднаўленню даверу паміж Пхеньянам і Сеулам. Пасля гэтага двойчы ў дзень краіны праводзілі тэлефонныя перамовы. 

Аднак ужо другі дзень паўднёвакарэйскія вайскоўцы спрабуюць датэлефанавацца да суседняй краіны, але Паўночная Карэя іх ігнаруе.

ЗША і Паўднёвая Карэя рэгулярна праводзяць сумесныя ваенныя вучэнні. У гэтым годзе яны пройдуць ужо ў другі раз.

У Кітаі створаць "чорны спіс" песень для караоке

Улады Кітая створаць чорны спіс караоке-песень, якія ўтрымліваюць "незаконны кантэнт". Пад забарону трапяць кампазіцыі, якія пагражаюць нацыянальнаму адзінству, суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, паведамляе The Guardian.

Новыя нормы ў першую чаргу закрануць пастаўшчыкоў трэкаў. Менавіта яны будуць несці адказнасць за ўключэнне правільных і няправільных песень. 

Базавая музычная бібліятэка, якая ёсць амаль у 50 тысячах устаноў Кітая, складаецца з больш чым 100 тысяч кампазіцый. Гэта істотна абцяжарвае для аператараў выяўленне незаконнай музыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі