Выкладчыка ФМА БДУ звальняюць за грамадзянскую пазіцыю
Пасля 20 гадоў працы на факультэце міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта не працягваюць кантракт з дацэнтам Аляксандрам Данілевічам.
"БДУ звальняе мяне з-за грамадзянскай пазіцыі, не працягвае кантракт, нават не тлумачачы чаму", — напісаў Данілевіч у сваім акаўнце ў Інстаграме.
Акрамя працы ў БДУ, Данілевіч — паспяховы адвакат. Ён спецыялізуецца на прадстаўленні інтарэсаў кліентаў у міжнародным камерцыйным арбітражы.
Як паведамляе сайт БДУ, у 2016 годзе Данілевіч быў прызначаны арбітрам ад Беларусі ў Міжнародным цэнтры па ўрэгуляванні інвестыцыйных спрэчак у Нью-Ёрку. У тым жа годзе ён атрымаў найвышэйшую грамадскую юрыдычную ўзнагароду ў Беларусі — прыз "Феміда" ў намінацыі "Трацейскі (Міжнародны арбітражны) суд".
Цягам апошніх двух гадоў за грамадзянскую пазіцыю быў звольнены шэраг выкладчыкаў з розных факультэтаў БДУ. Напрыклад, у лютым прафесарку кафедры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі Наталлю Абрашыну-Жадаеву звольнілі за падтрымку калегі, звольненага па палітычных прычынах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.