Вынесены прысуд па справе аб выбуху каля віцебскага КДБ (відэа)
44-гадовая жанчына асуджаная на 4,5 гады пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Яе прызналі вінаватай у "незаконных дзеяннях у адносінах выбуховых рэчываў" і "асабліва злосным хуліганстве", паведамляе БЕЛТА. Не ўдакладняецца, чаму свой хуліганскі ўчынак жанчына здзейсніла каля будынка КДБ.
Як паведамляла Еўрарадыё, выбух каля будынка УКДБ па Віцебскай вобласці адбыўся 11 лістапада 2012 года. Абвінавачанне ў арганізацыі выбуху выставілі раней судзімай віцяблянцы. Яе абвінавацілі ў асабліва злосным хуліганстве. У дзеяннях абвінавачанай следчыя ўгледзелі "выключна хуліганскі матыў".
Падчас папярэдняга следства жанчына цалкам прызнала віну ў злачынства, прыняла ўдзел у следчым эксперыменце. Як інфармуюць следчыя, яна падрабязна апісала механізм вырабу выбуховага прыстасавання, а таксама пры ўдзеле панятых і на відэазапіс паэтапна апісала парадак дзеянняў на месцы злачынства.
У рамках расследавання праведзена больш за 700 допытаў, каля 270 судовых экспертыз, у тым ліку з дапамогай экспертнай службы Следчага камітэта Расіі.
Здымкі месца здарэння лістапада 2012-га. Фота — Еўрарадыё