"Выручае гарод і лес". Як жывуць беларусы з заробкам да 500 рублёў

Як жывуць беларусы з заробкам да 500 рублёў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

 
Як жывуць беларусы з заробкам да 500 рублёў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё  

8,9% людзей у Беларусі жывуць на суму да 400 рублёў. Яшчэ ў 11,4% выпадкаў на чалавека прыпадае ад 400 да 500 рублёў. Такія звесткі дае Белстат, апісваючы сярэднедушавыя даходы насельніцтва ў II квартале 2022 года.

Еўрарадыё паразмаўляла з беларусамі, якія зарабляюць да 500 рублёў на месяц, і даведалася, як яны выжываюць на гэтыя грошы.

"Гарод вельмі выручае, летам у адпачынку хаджу ў лес, збіраю грыбы і ягады"

Жыхарка райцэнтра Вольга атрымлівае крыху больш за мінімальны заробак, які цяпер у Беларусі складае 482,29 рубля (гэта да выліку падаткаў і ўнёску ў ФСАН).

— Працую прыбіральшчыцай у адной з арганізацый горада. За стаўку атрымліваю на рукі 450 рублёў. Увогуле, па адукацыі я бухгалтар. Два гады таму звольнілася з працы па спецыяльнасці, каб даглядаць хворага бацьку. Ён праз шэсць месяцаў памёр. Уладкавацца бухгалтарам ужо не змагла: вакансій амаль няма і ўзрост — усе хочуць маладых. На нешта жыць трэба было, таму пайшла хоць куды. Працую больш за год, прыглядаю нешта па спецыяльнасці, — расказвае Вольга.

Жанчына жыве адна ва ўласным доме. У яе ёсць гарод і невялікая гаспадарка.

— У мяне ёсць дзясятак курэй, два сабакі і кошка. Апошнія, вядома, дадатковыя раты, але яны не пераборлівыя: кашы ў асноўным ядуць, а кошка — корм. Куры ў мяне нясушкі. Яйкі свае, лішнія прадаю суседзям. Гарод вельмі выручае. Бульба і гародніна свае. Закаткі на зіму раблю. Не толькі сабе, але і дачцэ з зяцем. Ім дапамагчы грашыма не магу, дык хоць так. Улетку ў адпачынку хаджу ў лес, збіраю грыбы і ягады. Варэння закатваю па 90 літраў з суніц, чарніц, малін, ажын, брусніц. Грыбы сушу і вараныя замарожваю. Дадаю ў салаты, якія зачыняю на зіму, — пералічвае суразмоўніца.

Па словах Вольгі, на камуналку, інтэрнэт, мабільную сувязь і іншыя абавязковыя плацяжы ў яе ідзе 80-90 рублёў у месяц. У зімовыя месяцы больш, таму што на гэты час трэба купляць дровы. Але тут жанчыне дапамагае дачка.

— Дарагія прадукты не купляю. З мяса звычайна курыцу ці печань. Вельмі рэдка свініну. Карпаў беларускіх люблю запякаць. Кашы, бульба, макарона. Тварог у мяне заўсёды ёсць, амаль кожную раніцу ем. Хлеб, рэдка батон бяру. Часам прысмакі да гарбаты купляю: беларускі зефір або печыва. На святы магу ўзяць упаковочку чырвонай рыбы на бутэрброды.

Частка грошай ідзе на пральныя парашкі, мыйныя сродкі, шампуні і іншае. Ніякую дарагую касметыку не купляю. Фарбу для валасоў бяру дзесьці раз на два месяцы. Крэм для рук самы просты, туш, і ўсё. У дом таксама нешта купляю рэдка. Люблю заходзіць у крамы тыпу Fix Price. Там можна купіць усякія недарагія рэчы.

Адзенне Вольга купляе нячаста. Кажа, што ў горадзе ёсць крамы з таннымі рэчамі і сэканд-хэнды. Апранаецца яна ў асноўным там.

— Мы з дачкой прыкладна аднолькавай камплекцыі. Часам яна мне аддае тое, што ўжо не носіць. А мне нармальна. Куды я хаджу? Падлогі на працы можна і ў старым адзенні мыць. А больш нікуды і не выбіраюся. Да сяброўкі ў госці, па горадзе прайсціся, і ўсё.

Вольга спадзяецца, што ў найбліжэйшы час для яе ўсё ж знойдзецца больш прыдатная праца з вышэйшым заробкам.

“Выручает огород и лес”. Как живут белорусы с зарплатой до 500 рублей

8,9% людзей у Беларусі жывуць на суму да 400 рублёў/ Еўрарадыё

8,9% людзей у Беларусі жывуць на суму да 400 рублёў/ Еўрарадыё

"У мяне нават атрымліваецца адкласці трохі грошай на лета, каб з'ездзіць куды-небудзь"

Марыя працуе ў бібліятэцы. Жыве яна з мамай-пенсіянеркай, што, па словах жанчыны, выдатна аблягчае ёй жыццё.

— З мамай на дваіх у нас дзесьці 1000 рублёў. З іх 500 — гэта мой заробак. Гэта значыць, камуналку аплачваю не адна, а мы разам. Як і некаторыя іншыя рэчы. Плюс часам — прыкладна раз на тры месяцы — у мяне ёсць падпрацоўка: вычытваю тэксты для адной маёй знаёмай, выпраўляю памылкі. Гэта плюс 50-70 рублёў. За гэтыя грошы мы звычайна купляем нешта ў дом ці з адзення, — расказвае Марыя. — Акрамя таго, у нас ёсць картка растэрміноўкі. Па ёй сёе-тое купляем. Напрыклад, зімовы абутак або шпалеры, калі рабілі невялікі рамонт.

Харчуюцца Марыя з мамай даволі сціпла, але кажуць, што іх задавальняе. Яны ядуць шмат малочнай прадукцыі, гародніны і каш. Амаль не купляюць каўбасы і мяса.

— На прадукты на дваіх у нас ідзе дзесьці 450 рублёў. Не магу сказаць, што мы сабе ў чымсьці адмаўляем. Рублёў 80 мы трацім на лекі для мамы. У мяне нават атрымліваецца адкласці трохі грошай на лета, каб з'ездзіць куды-небудзь на некалькі дзён. Ездзіла ў Львоў, і ў Кіеў, і ў Піцер, у Варшаву і Кракаў, у Вільню. Сёлета нікуды не ездзіла, была ў Беларусі на Браслаўскіх азёрах.

Марыя кажа, што жыць адна з такім заробкам яна б, хутчэй за ўсё, не змагла. Па словах суразмоўніцы, мама частку сваёй пенсіі траціць на яе.

"Раней я не асабліва гатавала, з цяперашнім заробкам так не атрымліваецца"

У сістэме ЖКГ таксама сустракаюцца вельмі нізкія заробкі. Кацярына не так даўно туды ўладкавалася і цяпер зарабляе 470 рублёў.


— Кампанія, дзе я працавала, скараціла штат. Мне давялося пайсці. Паколькі я жыла на наёмнай кватэры, у мяне стаў выбар: альбо паехаць да бацькоў у вёску, альбо ўладкавацца куды-небудзь, дзе можна вырашыць пытанне з жыллём. А потым ужо займацца пошукамі нармальнай працы. Выбрала другое. Мяне размясцілі ў інтэрнаце. У мяне не асобны пакой, падсялілі да дзяўчыны. Тры месяцы я там жыву, працую і паралельна шукаю працу.

Кацярына расказвае, што выжыць з такой сумай у кішэні месяц даволі складана. Таму што толькі на камуналку, праезд да працы і назад, парашкі-шампуні яна выдаткоўвае каля 120 рублёў.

— Рублёў 250-280 ідзе на харчаванне. Раней я не асабліва гатавала, магла дзесьці паесці або купіць штосьці гатовае і падагрэць. З цяперашнім заробкам так не атрымліваецца. Кавярні, канцэрты, нейкія тусоўкі — гэта ўсё цяпер не для мяне. Да гэтага зарабляла 1300-1400, і мне ўвогуле на ўсё хапала. А цяпер прост вельмі напружана.

Жыць у інтэрнаце Кацярыне не падабаецца. І гэта яшчэ адзін стымул хутчэй знайсці новую, больш высокааплатную працу. Але, як кажа дзяўчына, прыдатных вакансій цяпер мала. Дый умовы, калі прыходзіш на гутаркі, часта аказваюцца не зусім тыя, пра якія ішла гаворка ў вакансіі.

— Цяпер чакаю адказу ад адной кампаніі. Павінны сказаць, возьмуць ці не. Там абяцаюць на рукі 1200-1300 рублёў. Вядома, цяпер я магла б пажыць у мамы з татам, але на месцы вырашаць пытанне з працаўладкаваннем прасцей, чым матацца з іншага населенага пункта. Спадзяюся, што пытанне хутка вырашыцца і жыць стане прасцей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі