Выступ трансгендэрнай жанчыны ў парламенце Арменіі выклікаў скандал
The Calvert Journal
Па матэрыялах JAMnews і "Каўказскага вузла"
Нечаканы выступ трансгендарнай жанчыны ў парламенце Арменіі стаў прычынай скандалу і спрэчак на ўсіх узроўнях. Пытанне абмяркоўваецца ў самым парламенце, у сацсетках і ва ўсіх медыя. Заявы пераважнай большасці армянскіх палітыкаў адкрыта гамафобныя.
Ліліт Марцірасян ў парламенце Арменіі
З трыбуны парламента Арменіі ўпершыню выступіла трансгендарная жанчына Ліліт Марцірасян. Выступленне адбылося 6 красавіка падчас грамадскіх слуханняў па правах чалавека. На слуханні былі запрошаныя грамадскія арганізацыі, у ліку якіх была і "Бок права", якую ўзначальвае Ліліт Марцірасян.
Пра тое, што яна з'яўляецца прадстаўніцай транс-супольнасці, Лiлiт Марцірасян заявіла падчас свайго выступу:
"Прашу ўспрымаць мяне як зборны вобраз закатаваных, згвалтаваных, тых, якія падвергліся фізічнаму гвалту, спаленых, параненых нажом, забітых, тых, хто эміграваў, падвергнутых дыскрымінацыі, бедных і беспрацоўных трансгендараў", — заявіла Лiлiт.
Якую рэакцыю гэта выклікала
Гэтая прамова выклікала цэлы шквал гамафобных заяў. У першую чаргу незадаволенасць выступленнем выказала старшыня камісіі па правах чалавека, дэпутат ад фракцыі "Квітнеючая Арменія" Наір Заграбян.
Яна дазволіла Марцірасян завяршыць выступ, але пасля абурылася, што тая прысутнічае ў зале і выступае не па тэме слуханняў. Па словах кіраўніцы парламенцкай камісіі, тэмай абмеркаванняў павінны былі стаць рэформы ў судова-прававой сферы, правы людзей з інваліднасцю і дзяцей. Выступ трансгендараў яна назвала непавагай:
"Ніхто не парушае вашы правы, але ў нас ёсць выразная павестка, і вы яе парушаеце. Гэта непавага да камісіі і да правоў чалавека", — заявіла Наір Заграбян.
З яшчэ больш адназначным мэсэджам выступіў кіраўнік партыі, якую прадстаўляе Заграбян.
"Я скажу ўсім... як лідар партыі "Квітнеючая Арменія", як галава сям'і, выхаванай у армянскіх традыцыях і веры, гэта для нас непрымальна... Гэта загана, заганы мы павінны хаваць, як гэта было раней. Мы ніколі не дазволім гэтай з'яве распаўсюдзіцца", — сказаў Гагік Царукян.
Выказаліся і іншыя прадстаўнікі партыі "Квітнеючая Арменія".
"Самую важную палітычную трыбуну краіны даць такога роду людзям — гэта ганьба! Калі вы хочаце еўрапейскія каштоўнасці прыўнесці ў Арменію, то вы вельмі памыляецеся. Тут ёсць людзі, якія супраць гэтага, і іх большасць. Еўропа сёння пусцее, таму што жанчыны жывуць адна з адной, а мужчыны з мужчынамі, нараджальнасці ў іх няма... Ёсць статыстыка — на працягу дзесяці гадоў Еўропа стане пустой", — гэтую заяву зрабіў дэпутат Вардан Гукасян.
Незадаволенасць па-за сценамі парламента
Восьмага красавіка каля будынка парламента Арменіі прайшла акцыя пратэсту, на якой, у прыватнасці, патрабавалі крыміналізацыі ЛГБТ супольнасці.
Удзельнікі акцыі пратэсту, сярод якіх былі прадстаўнікі духавенства, прапанавалі асвяціць парламенцкую залу пасяджэнняў, каб ачысціць яе ад трансгендараў.
"Правакацыя гей-актывістаў"
Праз некалькі дзён выказаўся і прэм'ер-міністр Нікол Пашынян, лідар Арменіі, які прыйшоў да ўлады год таму ў выніку дэмакратычнай "аксамітнай" рэвалюцыі.
Пашынян заявіў, што выступ Ліліт Марцірасян — правакацыя, якую яму падрыхтавалі сапернікі, Рэспубліканская партыя Арменіі (яна была ва ўладзе да рэвалюцыі). У сваёй заяве Пашынян назваў апанентаў "гей-актывістамі".
Прэм'ер высветліў таксама, што спіс удзельнікаў парламенцкіх абмеркаванняў, у якім была і Ліліт Марцірасян, быў падпісаны старшынёй парламенцкай камісіі па правах чалавека Наір Заграбян. Так што яе абурэнне з нагоды з'яўлення гэтай прамоўцы на трыбуне парламента ён палічыў беспадстаўным.
У сувязі з гэтым Пашынян звярнуўся і да прадстаўнікоў партыі "Квітнеючая Арменія", якія апраўдвалі паводзіны свайго аднапартыйца, якая выставіла Ліліт Марцірасян з залы пасяджэнняў:
"Тыя паводзіны, якія праяўляе ў гэтай сітуацыі старшыня парламенцкай камісіі па правах чалавека, ставяць пад сумнеў сітуацыю з правамі чалавека... "Квітнеючая Арменія" павінна падумаць, ці можа Заграбян заставацца прадстаўніцай гэтай камісіі", — заявіў Нікол Пашынян.
Што кажуць эксперты
Шэраг праваабаронцаў нават у такой сітуацыі бачаць прыкметы прагрэсу для прадстаўнікоў ЛГБТ. Напрыклад, кіраўнік Хельсінкскай асацыяцыі Арменіі, праваабаронца Ніна Карапецянц лічыць, што яшчэ год таму выступ Ліліт Марцірасян ў парламенце быў немагчымы.
"Калі б гэта было на пасяджэнні камітэта па правах чалавека парламента папярэдняга склікання, то прадстаўнік ЛГБТ сур'ёзна рызыкаваў, калі б прыйшоў на пасяджэнне", — сказала Ніна Карапецянц "Каўказскім вузлу".
Іншы рэспандэнт гэтага выдання, кіраўнік Ванадзорскага офіса Хельсінкскай грамадзянскай асамблеі Артур Сакунц таксама лічыць, што выступ прадстаўніцы трансгендараў можна расцэньваць як пачатак пераадолення табу:
"Пры новых уладах праблема ЛГБТ стала прадметам абмеркавання. У гэтым пытанні ёсць праблема пазнавальнасці, ведаў. Хоць у грамадстве захоўваецца тэндэнцыя: што невядомае, то небяспечнае. Але паціху табу здымаецца. Змянілася якасць ўлады ў дачыненні да абароны правоў. Пачаўся нармальны працэс, пры якім не застаецца табуяваных тэм", — сказаў Сакунц.
Што пішуць у сацсетках
У Facebook карыстальнікі падзяліліся на два лагеры. Адны лічаць, што Ліліт Марцірасян мела поўнае права на выступ з трыбуны парламента. Іншыя лічаць гэта ганьбай.
Вось некаторыя з каментарыяў:
"Ліліт Марцірасян — нацыянальны герой!"
"Куды мы скаціліся? Раней у людзей не хапіла б духу сказаць нешта аб прыналежнасці да ЛГБТ, а цяпер выступаюць з трыбуны парламента!"
"Вось калі б і ў нашай краіне быў свой Рамзан Кадыраў або Хабіб Нурмагамедаў, такія памылкі прыроды ні на секунду не затрымаліся б тут".
"Ёсць нейкі закон, які забараняе мужчыне мець імя Ліліт?"
Больш цікавых падзей 10 красавіка ў праграме "Еўразум"