Ніякі армянскі чыноўнік не наведае Мінск, пакуль ва ўладзе Лукашэнка — Пашынян

Нікол Пашынян

Нікол Пашынян / ria.ru

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ні іншы армянскі чыноўнік не наведае Беларусь, пакуль ва ўладзе ў краіне застаецца Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама лічыць, што Лукашэнка павінен папрасіць прабачэння.

"Адзін з кіраўнікоў АДКБ заяўляў, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы 44-й вайны, падтрымліваў, верыў, жадаў перамогі Азербайджана. Пасля гэтага я павінен абмяркоўваць з прэзідэнтам Беларусі пытанні ў фармаце АДКБ?" — сказаў Пашынян.

У траўні падчас візіту ў Азербайджан Лукашэнка сказаў прэзідэнту краіны Ільхаму Аліеву: "Я яшчэ падумаў, успомніў нашу размову перад вайной, перад вашай вызваленчай вайной, калі мы па-філасофску разважалі за абедам удваіх. Тады мы зразумелі, што ў вайне перамагчы можна. Гэта важна. Вельмі важна ўтрымаць гэтую перамогу". Прэс-служба Лукашэнкі гэтую рэпліку не цытавала, але яе прыводзіць азербайджанскае дзяржагенцтва "Азертадж".

Што датычыцца членства Арменіі ў АДКБ, канчатковае рашэнне пра выхад краіны з арганізацыі яшчэ не прынятае. Напрыклад, калі АДКБ пакіне Беларусь або Лукашэнка знойдзе для народа Арменіі такія словы для выбачэнняў і тлумачэнняў, якія будуць прымальныя для народа Арменіі, сітуацыя вакол АДКБ тэарэтычна "можа змяніцца", адзначыў Пашынян. Паводле яго, ён будзе вымушаны мець зносіны з Лукашэнкам у фармаце ЕАЭС і СНД.

Сёння стала вядома, што амбасадар Рэспублікі Арменія ў Беларусі выкліканы ў Ерэван для кансультацый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі