Выступ Змітра Вайцюшкевіча ў клубе “Піраты” ўсё ж не адбудзецца
Усе жадаючыя змогуць вярнуць грошы за квіткі ў нядзелю, падчас творчай сустрэчы з музыкам у галерэі Tut.by.
Арганізатары выступу Змітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra, які мусіў адбыцца сёння (6 лютага) у сталічным клубе “Піраты”, вымушаныя паведаміць, што канцэрта не будзе. Дырэкцыя клуба не выходзіць на сувязь і па-ранейшаму афіцыйна не паведаміла арганізатарам прычыны адмовы ад правядзення мерапрыемства.
“Я дагэтуль не маю юрыдычных падставаў не праводзіць канцэрт, — кажа арганізатар Сяргей Будкін. — Больш за тое, у мяне няма афіцыйнага тлумачэння для гледачоў, чаму яго не будзе. У мяне няма тлумачэння для квітковага аператара, чаму я спыніў продаж і што я буду рабіць з прададзенымі квіткамі, і на якой падставе я іх буду вяртаць. У мяне няма ніякай паперы для падатковай, бо я мушу буду заплаціць падатак з тых грошай, якія буду вяртаць гледачам. Карацей, дырэкцыя клуба ў гэтым выпадку мяне падстаўляе дзіка!”
Тым не менш, Сяргей пакуль не бачыць сэнсу ў судовым разбіральніцтве. Бо па ўсім зразумела, што канцэрт забаронены “тэлефонным правам” і юрыдычных доказаў гэтаму не знойдзеш. На думку Сяргея, дзяржава, хутчэй за ўсё, і чакае судоў, каб потым была магчымасць сказаць: “глядзіце, мы тут ні пры чым, яны вунь паміж сабой нават разабрацца не могуць!”.
Усе, хто набыў квіток на канцэрт Змітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra у клубе “Піраты” могуць трапіць на творчую сустрэчу са спеваком у галерэі Tut.by (9 паверх, пр-т Дзяржынскага, 57, каля станцыі метро “Міхалова”), якая адбудзецца ў 19:00 у нядзелю 8 лютага. Там жа можна будзе вярнуць грошы за квіткі, ці па жаданні ахвяраваць іх на карысць музыкаў ды пакрыццё выдаткаў арганізатарам.
Цяпер Сяргей Будкін спрабуе арганізаваць канцэрт у іншым сталічным клубе. Але пакуль не атрыманае гастрольнае пасведчанне, ні месца, ні дата не агучваюцца.
Каб адмяніць Вайцюшкевіча, дырэктар клуба гатовы на экспертызу почырку