Выведка Украіны: пагроза з боку Беларусі ёсць, але не такая высокая, як была
Беларусь праводзіць ратацыю сваіх войскаў ля ўкраінскай мяжы, паведаміў прадстаўнік ГУР Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі падчас усеўкраінскага інфармацыйнага тэлемарафону.
Аднак ГУР пакуль не бачыць азнак стварэння магутных груповак на тэрыторыі Беларусі, цытуе Скібіцкага ўкраінскае выданне “Главком”.
“Калі казаць пра магутныя ўдарныя групоўкі, перадусім расійскіх, якія былі створаны ў лютым перад уварваннем, такіх азнак няма. Аднак мы не выключаем, што надалей, у залежнасці ад поспеху, які будзе мець вораг на нашай тэрыторыі, магчыма перагрупоўка і ўзмацненне расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі”, — сказаў Скібіцкі.
У ГУР прызнаюць, што пагроза з боку Беларусі захоўваецца. Аднак яна не так высокая, як гэта было ў лютым.
Апроч таго, ўкраінская выведка адзначае, што ракетныя падпадзелы, падпадзелы супрацьракетнай абароны, авіяцыйныя падпадзелы Расійскай Федэрацыі застаюцца на тэрыторыі Беларусі і могуць быць скарыстаны для нанясення ракетных удараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.