Выява жанчыны з’явіцца на 10-доларавай банкноце ў 2020 годзе

Міністр фінансаў ЗША Джэйкаб Лью паведаміў, што на банкноце ў 10 долараў з’явіцца выява амерыканскай жанчыны. Яна заменіць партрэт Аляксандра Гамільтана, бацькі банкаўскай сістэмы Злучаных Штатаў, які ўпрыгожвае “дзясятку” ў цяперашні час.

Мы ўносілі змены ў партрэты на нашых казначэйскіх білетах толькі некалькі разоў з тых часоў, як банкноты былі ўпершыню выпушчаныя ў абарот, і я ганаруся тым, што новая “дзясятка” стане першай банкнотай больш чым за стагоддзе, на якой будзе партрэт жанчыны”, — паведаміў Міністр.

Упершыню Міністэрства фінансаў запытвае меркаванне грамадскай супольнасці аб тым, чыя выява мусіць з’явіцца на купюры. Амерыканцы падаюць прапановы, выкарыстоўваючы хэштэг “#TheNew10” у сацыяльных медыя. На працягу лета супрацоўнікі Міністэрства фінансаў таксама будуць праводзіць сустрэчы з грамадскасцю, круглыя сталы і іншыя нарады для збору прапаноў ад радавых грамадзян, паведамляе сайт share.america.gov.

Паводле папярэдняй інфармацыі, амерыканцы разглядаюць у якасці кандыдатаў наступных жанчын-лідэраў: актывістак Гарыетт Табмен, Элеанору Рузвельт, Розу Паркс і першую жанчыну-правадыра народа чарокі Вілму Мэнкілер.

Міністэрства фінансаў абвесціць вынікі праз некалькі месяцаў, і новая банкнота будзе прадстаўлена ў 2020 годзе да стагоддзя 19-й папраўкі Канстытуцыі ЗША, якая дала жанчынам права галасаваць.

Фота: share.america.gov

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі