Выйшаў афіцыйны трэйлер "PARTY-ZAN Фільма" (відэа)

Выйшаў афіцыйны трэйлер "PARTY-ZAN Фільма" (відэа)

У інтэрнэт выкладзены афіцыйны трэйлер камедыі "PARTY-ZAN Фільм". У пракат у кінатэатрах стужка павінна выйсці 29 снежня 2016 года.

"Як мне падаецца, атрымалася вельмі незвычайнае кіно пра сучасных беларусаў, — гаворыць сцэнарыст карціна Андрэй Курэйчык. — З элементамі жорсткай іроніі, як мне падаецца, з даволі цікавымі авантурнымі і прыгодніцкімі хадамі… Таму, думаю, пастаўленыя перад намі мэты былі выкананыя".

Па словах Андрэя, цяпер дапрацоўваюцца тытры і некаторыя элементы графікі карціны. Праз тое, што наперадзе яшчэ рэкламная кампанія, дакладна падлічыць бюджэт "PARTY-ZAN Фільма" складана, але ён будзе невялікім для поўнага метра - каля 40 тысяч долараў. 

 

Сюжэт фільма такі. Два маладыя хлопцы: няўдалы бізнэсовец і праграміст - засталіся без працы, але выпадкова атрымалі магчымасць зарабіць адразу шмат грошай. Яны назваліся беларускімі кінапрадусарамі і ўзяліся зняць некалькі ваенных сцэн для маскоўскай кінагрупы. Да іх прыехалі модны маскоўскі рэжысёр і знакаміты аператар, едуць кіназоркі... А прадпрымальным беларусам пагражае сутычка з бандытамі і турма за махлярства.

Рэжысёрам стужкі выступіў Сяргей Дзмітрэнка. Апроч маладых актораў Алісы Аўчынік, Аляксандра Тарасава і Аляксандра Душачкіна, у фільме зняліся вядомыя беларускія рокеры Аляксандр Кулінковіч ды Юры Навумаў.

У Мінску фільм будуць паказваць каля чатырох тыдняў ва ўсіх кінатэатрах Silver Screen, а таксама ў дзяржаўных "Беларусь", "Камсамолец", "Аўрора", "Мір" і"Буцік-кінатэатры Falcon Club". Апроч таго на пракат карціны ёсць дамоўленасці з усімі абласцямі краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі