Выйшла на волю фігурант "справы аб 0 праміле" журналістка Кацярына Барысевіч
Кацярына Барысевіч / @tutby_official
З гомельскай жаночай калоніі раніцай у сераду выйшла на волю журналістка Кацярына Барысевіч, паведамляе TUT.BY. Яна правяла паўгода за кратамі па "справе аб 0 праміле".
"Прыкладна а 7:24 раніцы Каця выйшла з брамы калоніі з дзвюма шэрымі торбамі", — распавялі калегі Кацярыны.
Па іх словах, сустрэча прайшла спакойна, хоць недалёка ад уваходу ў жаночую калонію яны заўважылі "характэрны бус, а таксама легкавік, у якім знаходзіўся чалавек у пагонах".
Паведамляецца, што супрацоўнікі калоніі паводзілі сябе максімальна карэктна — "нават прапанавалі паднесці сумкі і выклікаць Каці і суправаджаючым таксі".
Сустракаючыя распавялі, што Кацярына знаходзіцца ў выдатным настроі. Перш за ўсё яна патэлефанавала дачцэ, якая чакае маму ў Мінску.
На адным з фота, якія публікуе TUT.BY, відаць, што на чорнай майцы Барысевіч прымацаваная жоўтая бірка з прозвішчам. Раней аб такой практыцы — пазначаць "палітычных" жоўтамі біркамі пісаў палітвязень Вітольд Ашурак, які адбывае пакаранне ў Шклоўскай калоніі.
Журналісты спыталі ў Барысевіч пра бірку: што яна значыць, і ці можна ўспрымаць яе як метку для палітвязняў.
"Гэта значыць толькі тое, што я была ў калоніі. Я яе [жоўтую бірку] сама прышывала", — адказала журналістка.
У рэдакцыі таксама адзначылі, што крыху не так уяўлялі сабе гэтую сустрэчу — планавалі "скупіць усе кветкі на Камароўцы" і чакаць калегу на волі "з яркімі ахапкамі". Але ўчора ў офіс і дадому да шэрагу супрацоўнікаў партала прыйшлі сілавікі. Была распачатая крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў, сайт заблакаваны, частка супрацоўнікаў затрыманая.
Кацярыну Барысевіч затрымалі ў лістападзе разам з лекарам бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцёмам Сарокіным. Іх абвінавацілі ў "разгалашэнні медыцынскай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы". Падставай стаў артыкул на партале TUT.BY пра тое, што ў крыві збітага да смерці Рамана Бандарэнкі, не было слядоў алкаголю. Аляксандр Лукашэнка і іншыя чыноўнікі казалі, што ён быў п'яны.
Суд абвясціў прысуд у сакавіку. Кацярына Барысевіч была асуджаная на 6 месяцаў пазбаўлення волі і штраф 100 базавых велічынь( 2900 рублёў), а лекар Арцём Сарокін — на 2 гады калоніі з адтэрміноўкай пакарання на год.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.