"Я добры чалавек": у Гомелі зноў судзяць падлетка з эпілепсіяй

Мікіта Залатароў / "Моцныя навіны"
Мікіта Залатароў / "Моцныя навіны"

7 ліпеня ў Гомелі пачаўся другі суд супраць палітвязня падлетка Мікіты Залатарова, паведамляюць "Моцныя навіны". У лютым яго асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі гадоў нібыта за выраб "кактэйлю Молатава", а на гэты раз супраць Мікіты (у яго эпілепсія. — Еўрарадыё) завялі крымінальную справу за напад на супрацоўніка СІЗА, пагрозы ў адрас супрацоўніцы ізалятара і членаў яе сям'і. 

Мікіта прызнаў віну, але дадаў: "Гэта быў не гвалт, а супраціў. Абразлівыя словы Я вымавіў на эмоцыях".

Паводле слоў Мікіты, "падножку" супрацоўніку СІЗА паставіў выпадкова: пасля паломкі ў камеры сантэхнікі, ён правёў ноч у кабінеце псіхолага. Раніцай вяртацца ў бруднае памяшканне не хацеў.

"У адказ пачуў: "Калі ты не пойдзеш сваім ходам, то мы цябе занясём". Потым мне пачалі заломваць руку, мне стала вельмі балюча. Я спрабаваў вызваліцца, і ў мітусні так атрымалася, што зрабіў падножку аднаму з супрацоўнікаў", — распавёў Мікіта. Паводле яго слоў, ніякіх удараў супрацоўніку ён не наносіў, за вопратку і часткі цела не хапаў, а зачапіў толькі маску.

"Я добры чалавек. Я мухі не пакрыўджу, калі да мяне нармальнае стаўленне", — сказаў падлетак.

Супрацоўнік СІЗА сцвярджае адваротнае: Залатароў хапаў яго за валасы, за вуха, сарваў маску, лежачы на падлозе выкрыкваў пагрозы ў адрас супрацоўнікаў СІЗА, няспынна мацюкаўся.

Пацярпелы заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры тысячы рублёў.

— Вы такі буйны, фізічна моцны чалавек. Як вы не змаглі скруціць такога маленькага? — спытаў адвакат Мікіты Залатарова ў пацярпелага.

— Гэта пытанне не да мяне, а да Мікіты, — адказаў той.

Яшчэ тысячу рублёў маральнай шкоды ад Залатарова запатрабавала пацярпелая супрацоўніца, якой на эмоцыях Мікіта заявіў: "Выйду — спалю!"

Пачуўшы суму "маральнай шкоды" мама Мікіты сказала суду:

— Мне толькі застаецца прадаць сябе на органы. Я не працую, у мяне няма нерухомасці, якую можна прадаць. Я не ведаю, як я змагу выплаціць гэтыя пазовы.

У судзе Мікіта прызнаўся, што ў СІЗА да яго дрэнна ставяцца: 

"Я даўно, амаль два месяцы, сядзеў адзін і ўжо не вытрымліваў: мяне проста "падрывае" ў такой сітуацыі. Я неаднаразова прасіў падсадзіць каго-небудзь да мяне ў камеру. Я баюся заставацца там адзін. У мяне эпілепсія. Таблеткі я атрымліваю нерэгулярна: часам толькі пасля таго, як спецыяльна звяртаюся па гэтым пытанні да медыка. Калі ў мяне ў адзіночцы пачнецца прыступ, хто мне дапаможа?"

Таксама паведаміў, што яго па-ранейшаму часта б'юць: "Адводзяць ад камер і наносяць удары дубінкай". А яшчэ ў камеру падсаджваюць людзей, якія яго правакуюць.

Мікіту пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі