“Я не адчула, што ён шчыра раскайваецца”: што кажуць пра суд над Гараўскім
Юрыя Гараўскага судзяць у Швейцарыі за выкраданне Ганчара, Захаранкі і Красоўскага ў 1999-м
— У мяне адчуванне, што яго ў гэты судовы працэс прывяло не жаданне загладзіць віну, нешта выправіць на духоўным узроўні ў сваім жыцці, а проста боязь за сваё жыццё. Напэўна з ім тут нічога не здарыцца. Я так разумею, ён абраў лягчэйшую альтэрнатыву. Лепш выгнанне ў Еўропе, чым быць прыстрэленым у лясах Беларусі, — адразу пасля суда дзеліцца з Еўрарадыё ўражаннямі Наталля Хершэ, грамадзянка Беларусі і Швейцарыі, былая палітзняволеная.
У Швейцарыі завяршыўся суд над Юрыем Гараўскім, які раней сам заявіў, што мае дачыненне да знікненняў і забойстваў апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, а таксама бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Судзілі яго толькі за датычнасць да прымусовага знікнення, бо толькі такую справу Швейцарыя можа разглядаць у межах універсальнай юрысдыкцыі.
— Я прысутнічала на судзе ў якасці судовага мастака, і гэта найлепшае, што магло быць. Я цалкам пераключылася на пачуцці — я іх мусіла выкласці на паперы. І карціна атрымалася даволі змрочная, — расказвае Наталля.
Мастачка ўважліва сачыла за ўсім, што казаў у судзе Гараўскі. Факты будзе ацэньваць суд, а Наталля тым часам прыслухоўвалася да сваіх пачуццяў.
— У мяне склалася ўражанне, што абвінавачаны зыходзіў не з таго, што раскайваецца ў зробленым: хутчэй за ўсё, ён проста баяўся. Так, нейкія абставіны ў Беларусі падштурхнулі яго да таго, што ён мусіў бегчы. У яго не было выбару, я так уяўляю сабе. Я не адчула, што ён шчыра раскайваецца, — кажа Хершэ.
Пракурор запатрабаваў для Гараўскага зняволенне на тры гады, два з якіх — умоўна. І дадаў, што ён не можа быць экстрадыяваны ў Беларусь.
“Турма ў Швейцарыі – санаторый”
Пры гэтым, кажа Наталля, Гараўскі адмаўляўся тлумачыць, як ён трапіў у Швейцарыю, а таксама пра сваю легалізацыю. Вядома толькі, што ён працуе, і апошнія паўтара года не атрымлівае грошай — сацыяльную дапамогу — ад Швейцарыі.
— Чалавек свядома выбіраў Швейцарыю, адну з багатых дэмакратычных краін. Ён ехаў, ведаючы, што яму тут асабліва нічога не пагражае. Так, ён гатовы адседзець, але прабачце, турма ў Швейцарыі — санаторый у параўнанні з Беларуссю, — заўважае Наталля.
Таксама ў судзе яна прыкмеціла, што Юрый Гараўскі не адказваў на пытанні суддзі наконт яго стаўлення да ўладаў у Беларусі ці прынамсі да сілавых органаў.
— Абвінавачаны вельмі часта казаў, калі суддзя зачытваў ягоныя словы, што яны не адпавядаюць рэчаіснасці. І спасылаўся на недакладны пераклад. Гэта ўрэшце развесяліла суддзю, і кожны раз, калі ён так казаў, суддзя ўспамінаў: "Ах, ну так, вядома ж, памылка перакладу", — дадае яшчэ адну цікавую дэталь назіральніца за працэсам.
Задакументаваць праўду
На судзе ў якасці вольнай слухачкі таксама прысутнічала прадстаўніца беларускай дыяспары ў Швейцарыі. Марына з асацыяцыі беларусаў Razam.ch лічыць, што гэтае судовае пасяджэнне — вельмі важны крок у тым, каб задакументаваць праўду пра знікненне і забойствы Ганчара, Захаранкі і Красоўскага. І гэта вынік вялізнай працы, якую шмат гадоў вялі праваабаронцы, актывісты і родныя гэтых людзей.
— У той частцы, дзе ён казаў пра забойствы — хоць і былі супярэчнасці, бо ён даваў іншыя паказанні ў міграцыйнай службе, — было адчуванне, што ён кажа праўду. Які колер машыны, як ён уначы заўважыў, што ў Ганчара няма пальца — такія акалічнасці. Гэтыя факты задакументаваныя. Я не чакаю пералому, але гэта працяг той працы, якую рабілі людзі, каб не забыліся на гэтыя справы. Гэта важны, адметны крок, каб адшукаць праўду, — разважае суразмоўніца Еўрарадыё.
Да таго ж гэта, на думку актывісткі дыяспары, важны знак, каб нагадаць міжнароднай супольнасці пра тое, што такое рэжым Лукашэнкі.
— Лукашэнка нам сказаў, што такога падарунка, як выкраданне людзей, больш не будзе. І ён не падмануў. Ён робіць тое самае, але іншымі метадамі. Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін і іншыя памерлыя ў зняволенні… Больш за паўгода мы не ведаем нічога пра Віктара Бабарыку, Міколу Статкевіча, Максіма Знака, іншых палітзняволеных... Гэта тое самае злачынства. І яно працягваецца, бо адразу не былі спыненыя злачынствы, не пакаралі вінаватых, калі Ганчар, Красоўскі, Захаранка зніклі, — лічыць Марына.
І яна таксама не бачыць шчырага раскаяння ў Юрыя Гараўскага.
— У мяне не было завышаных чаканняў ад гэтага чалавека. Ён шмат гадоў працаваў у САХРы, яго, думаю, свядома выбралі ў гэтую групу па выкраданні людзей. Ён працягваў працаваць, сустракаўся з Паўлічэнкам. Яму было нармальна, пакуль ён не адчуў пагрозу менавіта свайму жыццю. Чакаць ад яго раскаяння... Ён абвінавачваў перакладчыка, журналістаў у дрэннай працы, казаў, што пракурор няправільна задае пытанні. Сёння суддзя папрасіў яго сказаць апошняе слова ад сябе, а не зачытваць з паперкі — і ён сказаў вельмі фармальныя фразы. Я не бачу раскаяння, як у Раскольнікава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.