“Я ратаваў чалавека, а мяне абвінавацілі ў ДТЗ!” Кіроўца пра рэзанансную аварыю

“Я ратаваў чалавека, а мяне абвінавацілі ў ДТЗ!” Кіроўца пра рэзанансную аварыю

Максім, кіроўца Citroen, які 30 верасня трапіў ў ДТЗ ў Мінску на Лагойскім тракце з-за невядомай жанчыны, якая перабягала дарогу на чырвонае святло перад патокам аўтамабіляў, сёння пайшоў на разбіральніцтва ў ДАІ. Папярэдне мужчыну прызналі вынаватым, але ніякага рашэння афіцыйна яшчэ не вынеслі.

“Сёння пачаўся разбор справы разам з начальнікам раённага ДАІ. Пакуль што вынікаў нашай размовы няма — яны былі безвыніковыя, — распавёў мужчына Еўрарадыё. — Чамусьці без маёй прысутнасці справа нават не разглядалася імі (супрацоўнікамі ДАІ. — Еўрарадыё). Таксама аніякіх мерапрыемстваў па пошуку гэтай жанчыны не прадпрымалася — пра гэта нават не ішла гаворка”.

Як кажа сам Максім, у дачыненні да сябе ён запатрабаваў прымянення артыкула 5.3 КаАП (“крайняя неабходнасць”), бо лічыць, што дзейнічаў у мэтах выратавання іншай асобы, што не павінна патрапляць пад адказнасць, згодна з КаАП.

У ДАІ на дадзены момант адправілі запрос на далейшы разгляд справы. Пра гэта мужчыне павінны паведаміць дадаткова.

“Што тычыцца канчатковага рашэння, яго няма. Але ў пратаколе, які на мяне складзены, віноўнікам ДТЗ прызначаны менавіта я, — кажа Максім. — Бо там я дакладна абвінавачаны, згодна з пунктам 59 правіл дарожнага руху, то бок нібыта я перастройваўся. А вось гаворкі пра тое, што я прадухіляю іншае ДТЗ, няма.

Я лічу, што гэта няправільна з кропкі гледжання здаровага сэнсу. Так, факт перастраення быў, але ж рэальна я ратаваў жыццё чалавека! Таму варта яшчэ з гэтым пытаннем разабрацца, вядома.

 

Момант ДТЗ, які патрапіў у аб'ектыў відэарэгістратара

Што тычыцца другога кіроўцы, які праходзіць як пацярпелы, то ён ужо атрымаў заключэнне і афармляе страхоўку, прычым, на падставе таго, што я вінаваты. Таму можна казаць, што афіцыйна абвінавачанні выстаўленыя ў мой бок, і вінаваты я”.

Відэазапіс з рэгістратара сапраўды выклікаў вялікі рэзананс, аднак знайсці жанчыну, якая выбегла на дарогу на чырвонае святло, так і не атрымалася. Толькі адзін чалавек напісаў Максіму і сказаў, што бачыў падобную на яе ў той жа дзень на прыступках крамы. Але насамрэч, знайсці гэтую жанчыну будзе амаль немагчыма, бо твар немагчыма разглядзець ні на адным кадры.

“У той вечар я ехаў дадому разам са сваёй сям’ёй, нікуды не спяшаўся, не ляцеў, і знянацку на скрыжаванні вось такі “цуд” выбег перад машынай. У прынцыпе, я лічу, што зрабіў ўсё, што мог зрабіць, — упэўнены мужчына. — А тое, што адбылося пасля — гэта ўжо лухта і дробязі ў параўнанні з тым, што магло б быць. Галоўнае, што жонка і дачка, якія таксама знаходзіліся ў машыне, таксама ў парадку”.

Цяпер, пакуль няма афіцыйнага заключэння ДАІ, мужчына будзе спрабаваць даказаць сваю невінаватасць. Ён упэўнівае, што не патрабуе знайсці і неяк наказаць гэтую жанчыну.

“Хай яна жыве, але гэта будзе для яе добрым урокам, — лічыць ён. — Маё жаданне — зняць з сябе абвінавачванні, бо лічу сябе цалкам невінаватым. Калі што, штрафы і страхоўка па сямейным бюджэце не ўдараць, зразумела. Але навошта мне гэта патрэбна, калі я проста ратаваў жыццё гэтай жанчыне, а штраф выпішуць за парушэнне, якое я не здзейсніў?..”

У ДАІ Еўрарадыё адмовіліся каментаваць гэтую справу, пакуль не скончанае разбіральніцтва.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі