Ягор Лебядок: суды над журналістамі і забойцамі Шутава звязаныя паміж сабой

Ягор Лебядок / Еўрарадыё
Ягор Лебядок / Еўрарадыё

18 лютага ваенны эксперт Ягор Лебядок прыйшоў у студыю Еўрарадыё, каб расказаць пра суды, ССА, УНС і прапановы па замацаванні калектыўнай абароны ў Канстытуцыі Беларусі.

Суд у Брэсце і тут [у Мінску. — Еўрарадыё] ўзаемазвязаныя. Першае: чаму суды ідуць цяпер? Час выбраны ідэальны. Адразу пасля жнівеньскіх падзей ішла прапагандысцкая напампоўка, што на самай справе быў мяцеж, ледзь не вайна, гібрыдная вайна, звязвалі з тэрарызмам. Гэта значыць, напампоўвалася тое, што ў дачыненні да ўлады і Беларусі ў цэлым дзейнічала нейкая група мяцежнікаў, тэрарыстаў. Захад, НАТА і гэтак далей.

Таксама ў прыхільнікаў Лукашэнкі ёсць разуменне, гэта Тэртэль агучыў, што вясной чакаецца рост пратэставых настрояў. Адпаведна, трэба злавіць такі момант для судоў, каб гэта было, з аднаго боку, ужо не на піку напалу, як увосень, у канцы восені, напрыклад, з другога боку, да росту піка вясновага. І вось люты і канец лютага якраз у гэтым сэнсе трапляе вельмі добра.

Ідэалагічна прапампоўка прайшла, адпаведна, для народа падрыхтавана, што судзяць не па палітычных перакананнях, а судзяць сапраўды мяцежнікаў, тэрарыстаў. Суды паказальныя ідуць, каб запалохаць астатніх. Як звычайна, гэта класіка. Гэта значыць, будзеце выконваць сваю працу, якая не ідзе ў рэчышчы партыі, то ў вас такія санкцыі будуць. Таму, вядома, на першым часе трэба паказаць самыя жорсткія [прысуды. — Рэд.].

Паказальныя пакаранні

Вось далі два гады [журналісткам "Белсата". — Рэд]. Хоць маглі і больш даць, у прынцыпе. Ну вось так на сярэднюю, так скажам, зрабілі. Вядома, гэта ўсім зразумела, для чаго гэта зроблена, гэта запалохванне проста. Датычна другога суда, адносна вайскоўцаў [суд па справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава, які загінуў падчас жнівеньскіх пратэстаў. — Рэд]. Там яшчэ больш цікава, на самай справе. Задачы па судах цяпер дзве: адна — паказальныя пакаранні, другая — паказаць, што ў нас прававая сістэма нібыта працуе ў дачыненні да ўсіх. Усе роўныя перад законам. І другі суд на самай справе якраз і ёсць вось гэта другая частка. Паказальна, маўляў, у нас прававая сістэма працуе. Усе звярнулі ўвагу, што суд адкрыты. Гэта значыць, твары вайскоўцаў адкрытыя, у адрозненне ад АМАПу, калі яны на судах з 15 суткамі прыходзяць ці нават не прыходзяць, дзесьці аддалена... незразумела хто, у балаклаве, з прозвішчам змененым, невядома. Тут дэманстрацыя адкрытасці.

Само сабой, калі гэта былі б абвінавачваныя, маглі б зрабіць суд закрыты. Там растлумачыць, што вось за такія вось дзеянні, напрыклад за забойства Тарайкоўскага, адказны баец АЛМАЗа, САХРа і яшчэ кагосьці. Судзілі — і ўсё. Тут адкрыта. Чаму? Таму што апора ідзе на АМАП і МУС структуры. Армія была другасная. Якраз-такі сілы спецыяльных аперацый былі на падхваце. Гэта рэзерв. Фактычна іх звялі да ўнутраных войскаў. Звычайнай працы салдат унутраных войскаў. 

Хлопцы абаранялі радзіму і вымушаныя былі абараняцца

Другая частка, што яны выступаюць як пацярпелыя. Гэта паказвае, што сапраўды хлопцы абаранялі радзіму, вымушаныя былі абараняцца, гэта ідэалагічная падпампоўка, што яны дзейнічалі супраць ворага. Накіраваная яна на тых, хто не вызначыўся, альбо прыхільнікаў Лукашэнкі. І кажа пра тое, што "ну так, застрэлілі, вядома, дрэнна, але яны ж абараняліся, іх жа забіць спрабавалі трубой".

Цар-бацюхна добры, баяры на месцах дрэнныя

Трэцяя частка — гэта хто даваў паказанні. На самай справе тут зноў жа вельмі добра ўсё зроблена па прынцыпе расійскім: "цар-бацюхна добры, баяры на месцах дрэнныя". І на жаль, вось гэты канцэпт прапаганды падтрымалі ўсе незалежныя СМІ. Гэта значыць, стала вядома, хто аддаў загад вайскоўцам прымяняць зброю супраць пратэстоўцаў. Дзенісенка. Ну сур'ёзна, хлопцы, які Дзенісенка, ну вы што? Тым больш ён адкрыта кажа, што я падпарадкаваны па родзе дзейнасці міністру абароны, як мінімум міністру абароны. А фактычна зразумела, што гэта структура была абазначаная пры генштабе, быў зводны нейкі аператыўны штаб, хутчэй за ўсё, пры Адміністрацыі прэзідэнта альбо хто гэта курыраваў на базе МУС. Проста былі прынятыя рашэнні, якія дзе там мы цяпер даведаемся, яны, хутчэй за ўсё, былі закрытыя, таму што ўсе дзеянні вайскоўцаў, якія прыцягваюцца, не адпавядаюць адкрытаму заканадаўству. З аднаго боку, быццам бы як і ССА, і ўсе астатнія дзейнічаюць у рамках заканадаўства, з другога боку, грамадзяне пра гэта не ведаюць.

Чаму грамадзянін павінен падпарадкоўвацца гэтаму таварышу?

І тут мы прыходзім да чацвёртага пункта цікавага гэтага суда. Атрымліваецца, узброілі хлопцаў-вайскоўцаў, а грамадзянам жа не паведамілі. Але грамадзянін не абавязаны падпарадкоўвацца загадам вайскоўца, калі грамадзянін не знаходзіцца паблізу ваенных аб'ектаў, часцей, транспартавання грузаў. Увогуле, дзе ёсць каравульныя памяшканні і суправаджэнне. Адпаведна, чаму грамадзянін павінен падпарадкоўвацца гэтаму таварышу? У яго няма пасведчання МУС, у яго ніякіх правоў няма. Дакладней, ён можа быць і надзелены правамі, закрытымі ўказамі, рашэннямі, распараджэннямі. Але грамадзянін жа пра гэта не ведае. Тое, што адбылося, тут віны грамадзян ніякай быць не можа. У лепшым выпадку тут хуліганства можа быць. А не тое, што спрабуюць інкрымінаваць, што гэта супрацьдзеянне прадстаўніку ўлады пры выкананні. Грамадзянін пра гэта не мог быць апавешчаны ніяк. І тут фразу, што "няведанне закона не вызваляе ад адказнасці" ніяк не ўжывеш, таму што ведаць яны ў прынцыпе не маглі, грамадзяне.

Стрэл у патыліцу. Ну як гэта: пры абароне ў патыліцу? Гэта куля нейкая хітрая распрацавана?

Пяты пункт яшчэ больш цікавы. Гэта паказчык узроўню сіл спецыяльных аперацый. Гэта значыць, з аднаго боку, па заявах гэтага капітана, яны знаходзіліся на гульнях, на спаборніцтвах. А быццам бы на гульні адбіраюць далёка не апошніх. З іншага боку, ён заяўляе, што ён не валодае рукапашным боем. Капітан сіл спецыяльных аперацый не валодае рукапашным боем? Навошта нам такі капітан? Навошта падаткаплацельшчыкі плацяць грошы? Гэта ж войскі асаблівай важнасці. Тут сумневы, хлусіць ці не хлусіць. "Я страляў, мне стала дрэнна, цэліўся ў перадплечча". Я страляў.

Калі ў МУС павінны вучыць "не ўпэўнены — не страляй", калі ты папярэджваеш нейкае правапарушэнне, звязанае з гібеллю людзей, тады можна страляць. У вайскоўцаў, зразумела, "ты спачатку страляй — потым думай". Вось яно і адбілася. Прасцей стрэліць, дрэнна мне ці не дрэнна, я лепш стрэльну. А навошта? Ну чалавек уцякае, у цябе цэлы атрад АМАП, які злавіць яго зможа, камеры назірання. Гэта значыць, супрацоўнік МУС тэарэтычна гэтаксама зрабіў, але ён хоць бы мог падумаць пра тое, што ёсць камеры назірання, што яго могуць высачыць следчыя органы і гэтак далей. Ну гэтага не было зроблена. Стрэл у патыліцу. Ну як гэта: пры абароне ў патыліцу? Гэта куля нейкая хітрая распрацавана?

Атрымліваецца, дэманструецца непрафесіяналізм капітана сіл спецыяльных аперацый. Зразумела, што, хутчэй за ўсё, гэта не так. Проста застрэліў, а цяпер трэба нейкую легенду прыдумаць "я застрэліў, мне стала дрэнна, абараняўся, ударылі па галаве". Хоць гэта, можа, і так, я не ведаю. У любым выпадку страляць, калі ты не ўпэўнены, ну гэта нельга так.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі