Як беларусу набыць ліцэнзійны Office і даказаць Майкрасофт, што ён не робат

Першы раз у жыцці вырашыў набыць сабе ліцэнзійны Word — новы Office 365, нібыта з'явілася ў ім праверка правапісу на беларускай мове і беларускі інтэрфейс. Ён, дарэчы, быў даўно, а вось праверка правапісу была толькі неафіцыйная і пад вельмі старую версію праграмы.

У краме Майкрасофта абіраю краіну — замест Расіі, вядома, Беларусь, цана, дарэчы, ніжэйшая, але ўсё роўна ў расійскіх рублях. Розніца паміж версіяй для аднаго камп’ютара і адразу для пяці невялікая — усяго адзін долар (для беларусаў карыстанне новым “Офісам” каштуе 199 ці 249 расійскіх рублёў за месяц, для расіян 229 ці 286).

Дакажы, што не робат

Усё выдатна — заплаціў 75 тысяч беларускіх рублёў, і можна месяц карыстацца новым “Офісам”. Але… пры спробе падлучыць яшчэ чатыры аплачаныя камп'ютары Майкрасофт просіць пацвердзіць, што я не робат, — абраць краіну са спісу і ўвесці свой нумар тэлефона. Беларусі ў гэтым спісе няма…

У доўгім спісе краін амаль усе — Расія з Украінай, Бангладэш з нейкімі заморскімі тэрыторыямі. Нашай краіны няма. Беларусу немагчыма даказаць, што ён не робат?!

Зварот у службу падтрымкі па тэлефоне: там ужо сапраўдны робат просіць націскаць розныя кнопкі, каб абазначыць сваю праблему і ў канцы абвяшчае — інфармацыю шукайце на нашым сайце.

Потым доўгая размова з дзяўчынай з анлайн-крамы, якая просіць паўтарыць тыя ж дзеянні. Ад гэтага Беларусь у спісе не з'яўляецца. 

Дапамагчы вырашыць пытанне змог толькі інжынер кампаніі. Для гэтага яму, праўда, давялося даць доступ да ноўтбука, каб ён мог сам усё наладзіць. Пасля некалькіх няўдалых спробаў даказаць, што не робат, атрымалася абыходным шляхам, які самому паўтарыць наўрад ці атрымаецца.

Такім чынам, за дзве гадзіны атрымалася наладзіць доступ да свайго ж аплачанага “Офіса”. Ужо ў пачатку другой гадзіны гэтай працэдуры з’явіліся думкі: “Чаго я не спампаваў гэты “Офіс” з торэнтаў?” Мяркуючы па тым, як складана аказалася наладзіць новы “Офіс” і як былі здзіўленыя супрацоўнікі кампаніі, я, відаць, першы беларус, які вырашыў паставіць ліцэнзійны Word.

Дарэчы, інжынеры абяцалі перадаць праблему распрацоўшчыкам сайта, каб Беларусь дадалі. Але навошта прадаваць прадукт, калі людзі не могуць паўнавартасна ім скарыстацца без тэхнічнай дапамогі?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі