Як гендырэктар піўзавода прапаноўвае праводзіць дэалкагалізацыю грамадства
Таксама кіраўнік “Аліварыі” адказаў на пытанні Еўрарадыё пра высокія кошты на беларускае піва і прысутнасць нацыянальнай мовы на этыкетках
Найстарэйшы беларускі "Піўзавод Аліварыя” паведаміў эканамічнай прэсе аб тым, што цяпер ён мае выключныя правы прадстаўляць прадукцыю Carlsberg Group у Беларусі.
Такім чынам, кампанія робіцца лідарам на нашым броварным рынку.
Журналіст Еўрарадыё скарыстаўся магчымасцю і задаў генеральнаму дырэктару “Піўзавода Аліварыі” Дзянісу Шарсценнікаву актуальныя пытанні аб набалелых праблемах – алкагалізме і адсутнасці нацыянальнай мовы на этыкетках. А таксама аб прычынах, чаму беларускае піва часам каштуе даражэй за польскае ці італьянскае.
Дзяніс Шарсценнікаў – расіянін па нацыянальнасці. Да прызначэння на “Піўзавод Аліварыя” ён быў адным з топ-мэнэджараў “Балтики”.
Нягледзячы на тое, што цяпер знакамітыя Tuborg і Carlsberg будуць завозіцца праз найстарэйшую беларускую піўную кампанію, генеральны дырэктар перш-наперш абяцае развіваць наш брэнд − “Аліварыю”.
“Ва ўсіх краінах (хоць ёсць невялікія выключэнні) рынак будуецца наступным чынам. Значную частку займаюць лакальныя брэнды, − аналізуе Дзяніс Шарсценнікаў. − Спажывец хоча купляць тыя брэнды, які прадукуюцца там, дзе ён жыве. Людзі хочуць купляць тое, да чаго яны адчуваюць эмацыйную прывязанасць. Вельмі часта гэта нацыянальны гонар ― за родны горад ці прадпрыемтства, гісторыю якога яны прасочваюць”.
Еўрарадыё: Лэйбл “Аліварыя” беларускамоўны. А на этыкетцы ўсё напісана па-руску. Пакідаць нацыянальную мову на збочыне дазваляюць сённяшнія недасканалыя законы. Ці не разглядалася ідэяў, каб выбраць нейкую марку піва і ўсё на этыкетцы напісаць па-беларуску? Магчыма, гэта прыцягнула б больш спажыўцоў, калі, як вы сказалі, яны цягнуцца да свайго, мясцовага.
Дзяніс Шарсценнікаў: “Калі ўвосень я ўпершыню сустракаўся з калектывам, адным з першых пытанняў было: “Ці будзеце вы вывучаць беларускую мову?” Я сказаў, што з задавальненнем буду вывучаць і размаўляць, калі вакол мяне вы станеце размаўляць па-беларуску. Я пакуль не чуў, каб нехта ў крамах ці на дварэ сапраўды размаўляў па-беларуску. Насамрэч, з майго пункту гледжання, на якой мове напісана – не так ужо і важна, хоць у маркетынгавых хадах сапраўды гэта магчыма выкарыстоўваць. Дадам, што ў нашай рэкламе, прысвечанай 150-годдзю, мы звяртаемся да спажыўцоў па-беларуску”.
Чаму піва ў Беларусі больш дарагое, чым у Польшчы і Літве?
У пачатку сакавіка ў польскіх гіпермаркетах LIDL распачаліся дні італьянскай кухні. Экспартнае піва з Апенінаў у бутэльках 0,5 прадаюць па 8000 у пераліку на беларускія грошы. Мясцовы прадукт у паўлітровых бляшанках каштуе каля 7000 рублёў. Піва ж у беларускіх крамах каштуе звычайна даражэй больш як на 20% . “У чым прычына?” – задаем пытанне гендырэктару “Аліварыі”.
Дзяніс Шарсценнікаў: “У Беларусі індэкс кошту піва сапраўды адрозніваецца ад тых краін, дзе мы часта бываем. Але адрозніваецца ў два бакі. Напрыклад, беларускае піва больш таннае, чым расійскае ці нарвежскае, калі ўжо далёка глядзець. Але беларускае піва больш дарагое, чым у Прыбалтыцы і ў Польшчы. Вы прывялі ў прыклад дысконтную сетку. Гэта сапраўды вельмі танны кошт. Мяркую, годныя адказы гэтай цане мы можам знайсці і ў Беларусі. Розніца сапраўды можа складацца з некалькіх прычынаў. Вельмі часта нашы вытворчасці не такія эфектыўныя: і па энергазатратах, і па спажыванні вады, цяпла. Выдаткі на персанал у Беларусі па шэрагу пазіцый аказваюцца больш высокімі, чым у Прыбалтыцы. Калі мы разглядаем сярэдні кошт піва ― наш рынак унікальны, на 77% ён складаецца з пластыкавай упакоўкі. У пераліку на літр гэта вельмі часта бывае больш танна, чым польская прадукцыя, дзе куды большая доля шкла. Шкло ў Беларусі куды больш высокае па кошце, чым шкло ў Польшчы. Але ў цэлым нам і нашым беларускім вытворцам трэба працаваць над тым, каб павялічваць эфектыўнасць, імкнуцца, каб сабекошт ішоў уніз і тым самым змагацца, каб кошты не раслі”.
Патлумачыў Дзяніс Шарсценнікаў і тое, што ўздымаць рэнтабельнасць часта даводзіцца ва ўмовах пэўнага эканамічнага прэсінгу з боку дзяржавы:
“На піўную галіну ўплываюць не толькі акцызы. Ёсць яшчэ і кантрольны знак, які мы наклейваем на кожную нашу бутэльку. Акцыз вырас на 20%, хоць мы планавалі, што вырасце на 10%. Толькі для таго, каб кампенсаваць рост акцыза, нам трэба падняць кошты прыкладна на 6%. Агрэсіўны рост коштаў кантрольнага знаку таксама, на жаль, можа негатыўна адбіцца на росце цэнаў. Усе гэтыя павелічэнні на фоне макраэканомікі, якая не паляпшаецца, могуць паўплываць на зніжэнне попыту. Аднак мы плануем гнуткую цэнавую стратэгію, якая б не зашкодзіла пэўнай стабільнасці на беларускім рынку. На жаль, ёсць негатыўны прыклад з Расіі, дзе за апошнія чатыры гады піўная катэгорыя ўпала больш як на 20%”.
Усё піва "Аліварыя" бродзіць вось у гэтых цыліндра-канічных танках
“Дэалкагалізацыя ў грамадстве палягае ў тым, каб ссоўваць спажыванне ад гарэлкі да піва”
Еўрарадыё: У Беларусі ёсць шалёныя праблемы з алкагалізацыяй насельніцтва. Спажыванне чыстага спірту на душу насельніцтва перавышае 14 літраў. Некаторыя нарколагі лічаць, што выпуск піва ў меншых бутэльках аб’ёмам 0,33 ― гэта крок да дэалкагалізацыі. Ці збіраецца “Аліварыя” выпускаць піва ў такой тары?
Дзяніс Шарсцённікаў: “Сапраўды у Беларусі традыцыйна шмат спажываюць спіртныя напоі. Але праблема, якая вядзе да алкагалізацыі, як вы гэту з’яву назвалі, у іншым... Ёсць два блокі дзяржаў. Першы ― гэта краіны з прэтэнзіяй на тое, каб спажываць лёгкія напоі ― перш-наперш віно і піва. Другі блок ― краіны гарэлачнага поясу. Дэалкагалізацыя грамадства адбываецца толькі ў тым выпадку, калі спажыванне спіртных напояў у краіне пачынае ссоўвацца ў бок лёгкіх спіртных напояў. Калі ў Беларусі паглядзець на спажыванне гарэлкі ― гэта адно з першых месцаў ў свеце. Абганяе нас толькі Расія. А спажыванне піва ў пераліку на чысты спірт ― гэта толькі 20%. Гэта адзін з самых нізкіх узроўняў у свеце. Дэзалкагалізацыя ў грамадстве палягае не ў тым, каб прапаноўваць людзям бутэлькі аб’ёмам 0,33, а ў тым, каб ссоўваць спажыванне ад гарэлкі да піва і віна”.