Як год рамантаваць "Макбук", выйграць суд і не атрымаць 41 мільён кампенсацыі

Як год рамантаваць "Макбук", выйграць суд і не атрымаць 41 мільён кампенсацыі

Больш за год таму піяршчыца Аляксандра Рогач выпусціла з рук свой Macbook Air. Запатрабаваўся рамонт трэснутай матрыцы. Аляксандра абтэлефаноўвае фірмы, якія спецыялізуюцца на рамонце макаў.

"Але я ж не ведала, што акурат у гэты момант Сусвет раздаваў прыгоды ўсім, хто іх замаўляў, але нехта захварэў і па свае не прыйшоў. А каб падарожжа ў свет дзівосных мудакоў, напоўнены рэгулярнымі ўспышкамі судовых разглядаў, дарма не прападала, пуцёўку вырашылі выпісаць мне", — так апісвае пачатак прыгод Аляксандра ў сваім блогу.

Такім чынам, патрэбнай матрыцы нідзе няма. Але раптам Аляксандра натыкаецца на фірму "ТамІна" — тут і матрыца была, і (што яшчэ больш цудоўна) яны былі згодныя прыехаць па ноўт на дом! Для дзяўчыны толькі што з радзільні лепшага не прыдумаеш.

На выклік прыехаў сам уладальнік фірмы "ТамІна" Эдуард Халадок, аформіў заказ на рамонт, растлумачыў, што максімум за дзень макбук адрамантуюць, і ўся радасць каштуе 135 долараў. 

Як год рамантаваць "Макбук", выйграць суд і не атрымаць 41 мільён кампенсацыі
Такую дамову на рамонт макбука заключылі Эдуард Халадок і Аляксандра Рогач

Эдуард забірае камп’ютар і... знікае.  Праўда, адказвае на званкі, абяцае прывезці яго ў крайнім выпадку заўтра вечарам, і знікае зноў.

У працэсе высвятляецца, што фірма Эдуарда працуе па ліцэнзіі, выдадзенай Мінгарвыканкамам, але без сертыфікату на права ажыццяўлення гэтай дзейнасці.

 

Як год рамантаваць "Макбук", выйграць суд і не атрымаць 41 мільён кампенсацыі

У выніку Аляксандра пасля шматлікіх спробаў мірна ўрэгуляваць канфлікт падае ў суд на ТАА "ТамІна".

Суд доўжыцца 8 месяцаў, за гэты час уладальнік рамонтнай фірмы Эдуард Халадок некалькі разоў мяняе паказанні, абяцае вярнуць тэхніку і кампенсаваць шкоду, потым адмаўляецца ад гэтых абяцанняў, у суд не з'яўляецца і заяўляе, што нічога Аляксандра Рогач не атрымае.

Больш падрабязна гісторыю можна пачытаць у блогу Аляксандры Рогач 

Тым часам экспертыза паказвае, што матрыца замененая ў майстэрні Эдуарда Халадка на матрыцу, якая была ў карыстанні, і да таго ж патопленую. У дадатак, пакуль камп'ютар быў у Эдуарда, батарэя дэвайса "памерла" без падзарадкі.

Да гонару пацярпелай, рукі Аляксандра не апусціла і давяла справу да канца. У выніку суд выносіць пастанову: ТАА "ТамІна" абавязанае выплаціць 41 мільён, сюды ўключаны двухразовы кошт ноўтбука, няўстойка і маральныя страты.

Як атрымаць 41 мільён? Ніяк

Як высветлілася, мала атрымаць судовае рашэнне, важна яшчэ гэтыя грошы атрымаць! У пачатку жніўня Саша адпраўляецца да судовых выканаўцаў Цэнтральнага раёна Мінска і чуе, што грошай яна не ўбачыць.

"Карацей, грошай ён вам не выплаціць. Што вы на мяне так глядзіце? Хацелі пачуць нешта іншае?"

Кароткая сутнасць гутаркі з судовым выканаўцам у тым, што судовы выканаўца Цэнтральнага раёна заблакавала рахункі фірмы. На гэтым праца з даўжніком нібыта завершаная...

Паводле інфармацыі судовага выканаўцы, якую прадаставіў Эдуард, фірма "ТамІна" знаходзіцца на стадыі ліквідацыі, а значыць, атрымаць з яе грошай не атрымаецца. Акрамя таго, за Эдуардам Халадком значыцца не адзін пацярпелы.

Атрымліваецца, можна падмануць людзей і ліквідавацца — і ўсё?!

Судовыя выканаўцы Цэнтральнага раёна г. Мінска пакуль не далі афіцыйнага каментарыя Еўрарадыё.

Аднак Аляксандра заўважае: адступаць яна не мае намеру ні за якія пернікі.

"Часам атрымліваецца адрамантаваць, часам не: 50 на 50 выходзіць"

Як атрымалася даведацца ў Еўрарадыё, фірма ніразу не ліквідуецца і цалкам сабе дзейнічае. Праўда, яе тэлефоны заблакаваныя. Аднак на сайце кампаніі мы знайшлі кучу негатыўных водгукаў: "Аддаў ноўт на рамонт — ледзь забраў праз тры тыдні".

 

Як год рамантаваць "Макбук", выйграць суд і не атрымаць 41 мільён кампенсацыі
"Макбук" Аляксандры ў рамонтнай майстэрні Эдуарда Халадка некалькі тыдняў праляжаў у такім выглядзе

Мама Эдуарда Халадка Тамара Уладзіміраўна з'яўляецца сузаснавальніцай "ТамІны" і, па сутнасці, нясе такую ​​ж адказнасць.

Як высветлілася, Тамара Уладзіміраўна не ў курсе, ці робіць выгляд, што не ў курсе, але ўсё ж прызнаецца, што нейкая запазычанасць ёсць. Да таго ж, дадае Тамара Уладзіміраўна, за яе сынам і праўда назіраецца такая асаблівасць — абяцаць і не выконваць.

"Вось толькі што з ім размаўляла, і ён таксама хоча разабрацца з гэтым пытаннем!" — запэўнівае Тамара Уладзіміраўна.

Еўрарадыё датэлефаноўваецца да самога Эдуарда. Той не разумее, якія да яго фірмы прэтэнзіі.

"Іск на 41 мільён заключаўся ў тым, што чалавеку не аддавалі "Макбук". Камп’ютар у яе — і чаму ёй прысудзілі 41 мільён, я не ведаю. Мы збіраем дакументы і будзем у сераду ў судзе пераглядаць гэтае пытанне".

Цікаўлюся, якім чынам фірма рамантуе дарагую тэхніку без сертыфіката на ажыццяўленне гэтай дзейнасці.

Адказ феерычны: "Гэта наша асабістая праблема, як мы працуем, без сертыфікату або з ім. Палова Мінска так працуе".

Эдуард тлумачыць, што рамонт ноўтбука — справа складаная, звычайна мяняюць усю крышку, а ён паступіў высакародна:

"Гэта дарагая працэдура, каштуе ў раёне 500 долараў. Мы проста пашкадавалі чалавека — у яе маленькае дзіця, вырашылі памяняць шкло. Часам гэта атрымліваецца, часам не, 50 на 50. У працэсе рамонту мы пашкодзілі падсветку яе матрыцы і паставілі карыстанае. У выніку камп’ютар ёсць, і ён у тым жа стане, што і быў (нягледзячы на ​​замененую матрыцу, — заўвага Еўрарадыё)".


 

Як год рамантаваць "Макбук", выйграць суд і не атрымаць 41 мільён кампенсацыі
Знайдзіце адрозненні ў матрыцы да рамонта і пасля

У канцы размовы ўладальнік фірмы "ТамІна" пацвярджае, што, магчыма, будзе ліквідавацца. А можа, і не. Вельмі ў духу Эдуарда Халадка.

Каментарый юрыста Уладзіміра Нясмашнага:

Юрыст Уладзімір Нясмашны заўважае, што сітуацыя, калі фірма падаецца на ліквідацыю, пазбаўляецца ўсіх даўгоў і зноў адкрываецца пад іншай назвай, паўтараецца ўвесь час. У такім выпадку неабходна актыўна дзейнічаць пацярпеламу:

"Калі не рабіць актыўных дзеянняў па працы з даўжніком, то надзея на вяртанне сродкаў больш чым прывідная. Аляксандра павінна падаць заяву аб банкруцтве фірмы. У гэтым выпадку будзе прызначаны знешні ліквідатар, які будзе разбірацца, хто вінаваты ў тым, што ў кампаніі даўгі, што маёмасці менш, чым даўгоў. Гэта спосаб прыцягнуць службовых асоб і сузаснавальнікаў да аплаты даўгоў".

Працяг будзе.

Еўрарадыё будзе сачыць за сітуацыяй.

Фота з блога Аляксандры Рогач і Алены Патапавай

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі