Як італьянскія і беларускія СМІ асвятлялі сустрэчу Лукашэнкі з Папам Рымскім
На выхадных скончыўся візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Рым і Ватыкан. Беларускія дзяржаўныя СМІ асвятлялі яго вельмі пільна і эмацыйна. Вось напрыклад, як АНТ называе гэтую сустрэчу:
“Гэтую сустрэчу назавуць гістарычнай — Аляксандр Лукашэнка і Папа Францішак завочна былі да яе гатовыя даўно. Папа Рымскі адкрыта казаў пра важнейшую ролю невялікай краіны ў цэнтры Еўропы, якая спрабуе наставіць “гарачых” суседзяў. А прэзідэнт Беларусі не хаваў сваёй сімпатыі да аднаго з самых уплывовых сусветных палітыкаў, да якіх, вядома, адносіцца кіраўнік Ватыкана, у першую чаргу, з-за сціплага нораву пантыфіка”.
Італьянскія і ватыканскія СМІ асвятляюць сустрэчу нашмат больш суха. У большасці выданняў яна згадвалася кароткімі навінамі або пра яе не пісалі наогул. Выглядае, што ў Ватыкане такія падзеі — звычайная справа.
Выданне ansa.it, якое сярод іншых выкарыстоўвала найбольш цёплыя словы, так апісвае перамовы:
“Падчас гэтых “сардэчных” перамоў было выказана задавальненне ў сувязі з добрым станам двухбаковых адносінаў. Асаблівая ўвага звярталася на мірнае суіснаванне каталіцкай і праваслаўнай канфесіяў у Беларусі, а таксама іншыхі рэлігій”.
А вось, якімі словамі тэлеканал “Беларусь 1” распавядае пра гутарку Пантыфіка і кіраўніка Беларусі:
“Прэзідэнт заявіў аб падабенстве сваіх поглядаў і жыццёвых прынцыпаў з тымі, якіх прытрымліваецца Папа Рымскі Францішак. Таксама Пантыфік цікавіўся сітуацыяй ва Украіне. Папа асабліва падкрэсліў тую мірную місію, якую ўзяла на сябе Беларусь. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што міратворчаму працэсу (у тым ліку) спрыяла б сустрэча Папы Рымскага і Патрыярха Рускай праваслаўнай царквы”.
Ці вось, да прыкладу, як канал СТБ звяртае ўвагу на галоўную тэму сустрэчы:
“Але ніякіх грошай свету не трэба будзе, калі не будзе міру. Такая думка чырвонай ніткай прагучала падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Папы Рымскага ў Ватыкане. У прызнанай карлікавай дзяржаве ў цэнтры Рыма ёсць свой урад, войска, жыхары, якія сцякаюцца сюды з усяго свету без канца”.
Яшчэ адным медыя ў карлікавай дзяржаве, якое найбольш поўна распавядае пра гэты візіт было Радыё Ватыкана. Там так звяртаюць увагу на падарункі, якімі абмяняліся лідары дзяржаў.
“На заканчэнне сустрэчы адбыўся абмен падарункамі. Апрача “афіцыйных”, драўлянай копіі крыжа Ефрасінні Полацкай, мадэлі папскай карэты і галаграфічнага абраза, Аляксандр Лукашэнка зрабіў вельмі асабісты падарунак — сваю асадку, якой карыстаўся доўгі час. Ён прызнаўся, што робіць такі жэст упершыню ў жыцці, падкрэсліваючы выключнасць асобы Папы. Францішак падарыў Прэзідэнту Беларусі бронзавы сувенірны медаль з выявай аліўкавага дрэва, якое з’яўляецца сімвалам міру, і экземпляры трох сваіх дакументаў: энцыклік “Lumen Fidei” і “Laudato si'”, а таксама Апостальскай адгартацыі “Amoris Laetitia”. “Асабісты” падарунак ад Святога Айца таксама не прымусіў чакаць сябе: Аляксандр Лукашэнка атрымаў асабістую асадку Францішка”.