Як паехаць без візы ў Латвію?
Еўрарадыё параўнала пагадненні аб бязвізавым памежным руху з Польшчай і Латвіяй. Высветлілася, што паехаць без візы да нашых паўночных суседзяў будзе прасцей.
23 жніўня ў Рызе міністры замежных спраў Беларусі і Латвіі падпісалі доўгачаканае пагадненне аб бязвізавым памежным руху. 29 верасня Камісія латвійскага парламента па замежных справах ухваліла праект у першым чытанні.
Як выявілася, праекты пагадненняў з Латвіяй і Польшчай адрозніваюцца.
1. Калі Дамова пачне працаваць?
Не раней за пачатак 2011 года. Пастаянная камісія беларускага парламента па міжнародных справах 28 верасня разгледзела праект Дамовы з Польшчай. Чакаецца, што Палата прадстаўнікоў прагаласуе за яго на восеньскай сесіі. А праект Дамовы з Латвіяй у парламент яшчэ не паступаў.
Чакаецца, што ў першым чытанні Саэйма – латвійскі парламент – разгледзіць праект дамовы ўжо 7 кастрычніка, а да канца кастрычніка прагаласуе па ім.
2. Хто лічыцца жыхаром памежнай паласы?
Паводле Дамовы з Польшчай, жыхаром памежнай зоны лічыцца грамадзянін, які зарэгістраваны ў памежжы на працягу не менш як апошніх 3 гадоў. Выгодамі Дамовы могуць карыстацца і супругі ды дзеці, якія жывуць у памежжы менш за 3 гады.
Паводле Дамовы з Латвіяй, вызначэнне жыхара памежнай зоны больш шырокае. Пражываць у адпаведнай памежнай зоне трэба не менш за 1 год. Гэта правіла не тычыцца супругаў, бацькоў, бабуляў і дзядуляў, непаўналетніх дзяцей, усыноўленых дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, непаўналетніх ўнукаў і праўнукаў. Адпаведна, калі нехта са сваякоў у вас жыве ў прыгранічнай зоне і вы там атрымалі рэгістрацыю, то ўжо на наступны дзень можна ісці ў латвійскую амбасаду па дазвол.
У разрад сваякоў, якія жывуць па іншы бок мяжы, уваходзіць яшчэ больш родных. Да згаданых вышэй залічваюцца і прадзеды і прабабулі, зводныя браты і сёстры, браты і сёстры бацькоў, пляменнікі і пляменніцы, зяці, свёкры, мужы і жонкі сёстраў і братоў, бацькі супругаў, усыноўленыя дзеці.
3. Як і за колькі часу можна атрымаць дазвол на памежны рух?
Калі Дамова пачне дзейнічаць, трэба прыйсці ў консульства Латвіі ў Віцебску, заплаціць 20 еўра і прад'явіць наступныя дакументы: пашпарт, запоўненую анкету, фатаграфію, медыцынскую страхоўку. Пры неабходнасці могуць запатрабаваць дадатковыя дакументы: пацвярджэнне пражывання ў памежнай зоне і абгрунтаванне мэты частага наведання латвійскага памежжа.
Запыт на выданне дазволу разгледзяць на працягу 20 працоўных дзён, пры дадатковай праверцы – да 30-ці. У выпадку з Польшчай, тэрміны больш доўгія – да 60 каляндарных дзён, у асобных выпадках – аж да 90.
4. Якія мэты можна засведчыць для атрымання дазволу?
У Дамове з Польшчай асобны пералік мэтаў адсутнічае. Там проста напісана, што ў консульства трэба прадставіць "абгрунтаванне прычын для частага перамяшчэнне праз мяжу".
У Дамове з Латвіяй пералічваюцца 8 канкрэтных мэтаў:
• рэгулярны ўдзел у культурнай, адукацыйнай, навуковай і спартовай дзейнасці, што арганізоўваюцца рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, установамі або арганізацыямі;
• валоданне нерухомай маёмасцю;
• наведванне сваякоў;
• цяжкая хвароба ці смерць сваяка;
• наведванне месца пахавання сваякоў;
• атрыманне медыцынскай дапамогі;
• удзел у дзейнасці, звязанай з мясцовымі традыцыямі і рэлігійнымі абрадамі;
• рэгулярныя кантакты ў межах эканамічнай дзейнасці без права на працу.
5. На які час выдаецца дазвол на бязвізавы памежны рух?
Дазвол выдаецца з тэрмінам дзеяння ад аднаго да пяці гадоў, але не даўжэй за тэрмін дзеяння праязнога дакумента, гаворыцца ў Дамове з Латвіяй. Выглядае, што гэта будзе залежаць ад пазначанай мэты.
У Дамове з Польшчай называецца канкрэтны тэрмін: першы дазвол выдаецца на 2 гады. Наступныя дазволы выдаюцца на 5 гадоў, але не даўжэй за тэрмін дзеяння пашпарту і з умовай, што правілы Дамовы не былі парушаныя падчас папярэдніх выездаў.
6. Ці можна будзе ў рамках Дамовы паехаць у Рыгу?
Не. Гэта забараняецца правіламі Дамовы. Прыгранічнай зонай лічыцца тэрыторыя ў 30-50 км па абодва бакі мяжы. Таму жыхарам абедзвюх краін дазваляецца наведваць толькі тыя паселішчы, якія знаходзяцца ў гэтай зоне. У выпадку выезду за памежную зону, гэта будзе карацца ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам.
З латвійскіх гарадоў ва ўзгодненую памежную зону ўваходзяць Даўгаўпілс, Дагда, Краслава і Зілупэ. З беларускіх – Верхнядзвінск, Міёры і Браслаў, а таксама пасёлак Відзы.
Глядзі поўны пералік латвійскіх сёлаў і беларускіх сельскіх саветаў, якія ўваходзяць у памежную зону.
Латвія:
Aglonas novada – Aglonas, Grāveru, Kastuļinas, Šķeltovas pagasti;
Dagdas novada – Andrupenes, Andzeļu, Asūnes, Bērziņu, Dagdas, Ezernieku, Konstantinovas, Ķepovas, Svariņu, Šķaunes pagasti;
Daugavpils novada – Ambeļu, Biķernieku, Demenes, Kalkūnes, Laucesas, Līksnas, Maļinovas, Medumu, Naujenes, Salienas, Skrudalienas, Sventes, Tabores, Vecsalienas, Višķu pagasti;
Ilūkstes novada – Šēderes pagasts;
Krāslavas novada – Aulejas, Indras, Izvaltas, Kalniešu, Kaplavas, Kombuļu, Krāslavas, Piedrujas, Robežnieku, Skaistas, Ūdrīšu pagasti;
Ludzas novada – Briģu, Istras, Nirzas, Pildas, Rundēnu pagasti;
Rēzeknes novada – Kaunatas pagasts;
Zilupes novada – Lauderu, Pasienes, Zaļesjes pagasti.
Беларусь:
Верхнядзвінскі раён – Бігосаўскі, Чапаеўскі, Сар'яўскі, Асвейскі, Кахановіцкі, Бялькоўшчынскі сельскія саветы;
Міёрскі раён – Павяцкі, Перабродзкі, Даўгінаўскі, Міёрскі, Новапагосцкі, Туркаўскі сельскія саветы;
Браслаўскі раён – Друйскі, Плюсскі, Слабодкаўскі, Опсаўскі, Далёкаўскі, Ахрэмавіцкі, Мяжанскі, Цяцеркаўскі, Відзаўскі сельскія саветы.
7. Ці можна будзе пастаянна пражываць у латвійскім памежжы?
Не. Часовае абмежаванне знаходжання на тэрыторыі памежнай паласы Латвіі такое самае, як і ў выпадку з Польшчай. Прабыць у суседняй краіне можна не больш за 90 дзён на працягу 6 месяцаў.
Фота: Valda Kalniņš/AFI. На здымку – міністры замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў і Латвіі Айвіс Роніс падчас сустрэчы ў Рызе.