Як памілаваныя чыноўнікі-карупцыянеры збягаюць з калгасаў
Нядаўна КДБ затрымаў некалькіх чыноўнікаў з Міністэрства аховы здароўя. У сацсетках пачалі жартаваць, што ў Беларусі тэрмінова спатрэбіліся новыя старшыні калгасаў — вось Камітэт дзяржаўнай бяспекі і заняўся іх нарыхтоўкай.
У кожным добрым жарце ёсць доля праўды: у 2016 годзе памілаваных Аляксандрам Лукашэнкам чыноўнікаў сапраўды "размеркавалі" на кіруючыя пасады ў калгасы і на заводы. Але ці надоўга высланыя ў глыбінку чыноўнікі затрымліваюцца на месцах “размеркавання”? Распавядзем вам тры гісторыі злачынства, пакарання і поспеху.
Гісторыя поспеху №1: Віктар Хадасевіч
З калгаса "Ліпаўка" — у дырэктары гандлёвага цэнтра ў Бабруйску.
Віктар Хадасевіч — былы дырэктар Бабруйскага мясакамбіната. Гэта не першы кіраўнік прадпрыемства, якога асудзілі за карупцыю. Яго папярэднік, Андрэй Ісайчанка, таксама быў асуджаны: на шэсць гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Хадасевіча затрымалі праз паўтара месяца пасля таго, як ён ачоліў мясакамбінат (да гэтага ён два гады працаваў там галоўным інжынерам). У траўні 2015 года ён быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі. Але ўжо ў лютым 2016 года узначаліў калгас "Ліпаўка" ў Хоцімскім раёне (Магілёўская вобласць).
Аднак, як паведамілі Еўрарадыё, дырэктарам "Ліпаўкі" Віктар Хадасевіч прабыў… усяго каля года.
"Віктар Хадасевіч больш не дырэктар прадпрыемства. Ён звольніўся дзесьці пасля года працы і з'ехаў”, — распавядае Еўрарадыё цяперашні ўпраўляючы "Ліпаўкі" Мікалай Какотаў.
Сам Віктар Хадасевіч распавёў Еўрарадыё, што цяпер ён працуе на радзіме — у Бабруйску:
“Працую дома, у Бабруйску, дырэктарам гандлёвага цэнтра “Спектр”. З’ехаў з Ліпаўкі, таму што скончылася працоўная дамова”.
Што адбывалася пасля таго, як Віктар Хадасевіч звольніўся з "Ліпаўкі"? Ужо ў лютым 2017 года Магілёўскі эканамічны суд пачынае справу аб банкруцтве калгаса. У снежні 2017 года пачынаецца працэс санацыі, то бок рэарганізацыі, рэфармавання і фінансавай падтрымкі прадпрыемства.
“Банкруцтва пачалося з таго, што наша фінансавае становішча не дазваляла выплачваць даўгавыя абавязальніцтвы. Цяпер "Ліпаўка" у стане санацыі. У нас ёсць бізнес-план, і да 2020 года мы павінны выйсці на бясстратную працу", — дадае ўпраўляючы "Ліпаўкі" Мікалай Какотаў.
Віктар Хадасевіч тлумачыць Еўрарадыё, што гаспадарка знаходзілася ў сумным становішчы ўжо тады, калі ён прыйшоў у яе на працу.
Гісторыя поспеху №2: Аляксандр Архіпаў
Асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі. Паўтара года правёў за кратамі, яшчэ паўтара — у стратным калгасе.
Аляксандр Архіпаў — былы намеснік генпракурора Беларусі. Ён быў асуджаны ў 2014 годзе на шэсць гадоў пазбаўлення волі за атрыманне хабару і перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Аднак хутка Аляксандр Лукашэнка памілаваў Архіпава. А ў студзені 2016 года колішні сілавік быў прызначаны дырэктарам стратнага сельгаспрадпрыемства "Пятровічы" пад Смалявічамі. Дарэчы, папярэдні дырэктар Васіль Патыла, як кажуць мясцовыя жыхары, "быў злоўлены на хабары і пайшоў на нары".
Але былы намеснік генпракурора не доўга прапрацаваў у калгасе. Ужо ў траўні 2018 года ён пакінуў сваю пасаду. Магчыма, прычынай звальнення стала тое, што калгас так і не дасягнуў патрэбных паказчыкаў па тэмпе росту вытворчасці — пра гэта рапартуюць мясцовыя газеты.
Цяпер абавязкі дырэктара ў РСУП "Пятровічы" выконвае Аляксандр Каральчук, які ўвесь час у раз'ездах. А што Архіпаў? Напэўна, неўзабаве ўсплыве на кіруючай пасадзе ў чарговай установе.
Гісторыя поспеху №3: Уладзімір Булай
"Ён звольніўся. Можа, і па ўласным жаданні”.
Як не прыгадаць гісторыю старшыні Чашніцкага райвыканкама Уладзіміра Булая! На пачатку верасня 2015 года крымінальную справу аб карупцыі супраць яго распачала Генеральная пракуратура.
Чыноўнік быў затрыманы, а яго дзеянні кваліфікаваліся як злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. І пагражала яму ад трох да дзесяці гадоў. Аднак гэта не перашкодзіла яму ў студзені 2016 года стаць дырэктарам ААТ "Кляновічы" у Крупскім раёне.
Як і ўсе іншыя памілаваныя, ён нядоўга прабыў на гэтай пасадзе і звольніўся на пачатку 2018 года. Цяперашні дырэктар гаспадаркі Аляксандр Свірыдаў пацвярджае гэта:
"Ён звольніўся. Можа, і па ўласным жаданні. Не ведаю. Я не лічу патрэбным абмяркоўваць асабістае жыццё іншага чалавека і яго працу ў Кляновічах".
Ці супадзенне, што на пачатку 2018 года на трох фермах ААТ "Кляновічы" была выяўленая крымінальная схема: брыгадзіры прымушалі падначаленых атрымліваць заробак малаком. Са студзеня па верасень 2017 года на пацярпелых было запісана ад 20 да 350 літраў, а адзін з кіраўнікоў па дакументах "прадаў" сваёй падначаленай больш за 1300 літраў малака.
Новыя памілаваныя — у новыя калгасы
Днямі стала вядома, што кіраўнік Салігорскага раёна Аляксандр Рымашэўскі, быў прызначаны на пасаду дырэктара ААТ "Радастаўскі". У снежні 2017 года, яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару, асудзілі на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і спагналі 28561 рубель. Але ў няволі ён прабыў не доўга: ужо ў чэрвені 2018 года Рымашэўскі аказваецца памілаваным.
У прыёмнай ААТ "Радастаўскі" Еўрарадыё распавялі, што Рымашэўскі знаходзіцца ў пастаянных працоўных паездках і таму не можа даць каментарый.
З 1999 года да гэтага моманту прадпрыемствам кіраваў Леанід Кароль. Як стала вядома Еўрарадыё, ён нядаўна пакінуў сваю пасаду, напісаўшы заяву аб сыходзе, і быў звольнены "па згодзе бакоў". Пры гэтым ён застаецца членам Радастаўскага сельсавета, склад якога сфармаваўся на выбарах у лютым 2018 года.
Доўгі час ААТ "Радастаўскі" не дэманстравала вялікіх прыбыткаў, але ў 2017 годзе сітуацыя палепшылася: чысты прыбытак прадпрыемства вырас да 168 тысяч рублёў. Што будзе з прадпрыемствам далей — залежыць ад Аляксандра Рымашэўскага.
Вядома, што былы кіраўнік Ленінскага раёна Мінска Валерый Кулеш таксама звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні. Але пакуль няясна, ці будзе ён “размеркаваны” у калгас.
Поўны спіс памілаваных чыноўнікаў-карупцыянераў нідзе не апублікаваны. У Адміністрацыі прэзідэнта лічаць, што спісы памілаваных былых чыноўнікаў і топ-менеджараў, прызначаных на кіруючыя пасады, гэта службовая таямніца.