Як працаваць без выходных і зарабіць у 3 разы менш за мінімальны заробак

Як працаваць без выходных і зарабіць у 3 разы менш за мінімальны заробак

Калі нехта кажа, што беларуская сельская гаспадарка знаходзіцца ў цяжкім стане, мы, гарадскія жыхары, нават не ўяўляем, наколькі ўсё дрэнна. "Ой, ну што вам распавесці... Ну, маленькі заробак, так!" — адказваюць Еўрарадыё ў гаспадарцы "Залатая падкова", што ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. За месяц даярка атрымлівае тут 100 рублёў. І гэта параўнальна шмат: непадалёк адсюль, у ААТ "Сельцы" даярцы налічылі за кастрычнік 82 рублі.

А як жа мінімальны заробак?

Штогод Міністэрства працы вызначае памер мінімальнага заробку ў Беларусі. На кастрычнік 2016 года ён складаў 239 рублёў 42 капейкі. Паводле сайта Мінпрацы, гэта "мінімальны сацыяльны стандарт у галіне аплаты працы, які наймальнік абавязаны ўжываць у якасці ніжэйшай мяжы аплаты працы работнікаў за працу ў нармалёвых умовах цягам нармалёвай працягласці працоўнага часу".

Па словах сына даяркі з ААТ "Сельцы", яна працавала ў кастрычніку без выходных па 8-9 гадзінаў на дзень. То бок — нават больш, чым прадугледжваюць нормы. Як тады яе заробак можа атрымацца ў тры разы меншым за мінімальны?

Як працаваць без выходных і зарабіць у 3 разы менш за мінімальны заробак

"Мы налічаем заробак у адпаведнасці з Пастановай №1506 [Савета міністраў] — у фонд аплаты працы ідзе 25% ад выручкі, — распавядаюць у "Сельцах". — Але ў зімовыя месяцы ў нас рэалізацыя прадукцыі змяншаецца. Прадукцыя ў нас — малако, мяса. У кастрычніку мы рэалізацыю прадукцыі зменшылі. Адпаведна, зменшыўся і заробак нашых работнікаў".

Цікава, што Пастанова №1506 датычыцца не ўсіх гаспадарак, а толькі тых, якія маюць запазычанасць па заробках. То бок — стратных. ААТ "Сельцы" — якраз такая гаспадарка: страты прадпрыемства за другі квартал 2016 года склалі 284 мільёны недэнамінаваных рублёў (блізу $15 тысяч).

30% заробку выдаецца прадуктамі харчавання

Але даярка з Глыбоцкага раёна не пабачыла нават 82 рублі. Пасля ўсіх вылічэнняў яна атрымала на рукі 32 рублі 26 капеек. Яшчэ частку заробку — 11 рублёў 71 капейку — жанчына ўзяла кансервамі "Браслаўрыба".

У "Сельцах" Еўрарадыё пацвердзілі: усе лічбы ў разліковым лістку сапраўдныя: "Асартымент кансерваў розны быў там... Не адзін від. Сама выбірала, якія хацела, — кажуць у гаспадарцы. — У нашай калектыўнай дамове прапісана, што да 30% работніку выдаецца натуральнай аплатай. А кансервы гэтыя без гандлёвай нацэнкі — танней, чым у гандлі. На 11 рублёў — прыкладна 10 бляшанак".

Тое, што траціна і так невялікага заробку выдаецца прадуктамі харчавання, для Глыбоцкага раёна — цалкам натуральна.

"У нас абавязкова 30% натуральнай аплатай выдаецца. То бок прадуктамі харчавання. Гэта агулам па саўгасу: нехта можа адмовіцца, а нехта — узяць 60%, — распавядаюць у гаспадарцы "Яблынька", таксама ў Глыбоцкім раёне. — Хто што бярэ — мы гэта з рабочымі ўзгадняем. Звычайна яны замаўляюць у краме тое, што ім трэба: хлеб, цукар, алей".

Дажыць да вясны на $50 за месяц

У сярэднім заробак за кастрычнік у ААТ "Сельцы" склаў 100 рублёў. Еўрарадыё даведалася, што даярцы ўсё ж заплацяць крыху больш за 82 рублі, бо бухгалтэрыя гаспадаркі "недзе памылілася з выручкай" і зрабіла пераразлік. Прыкладна за такія грошы работнікі "Сельцаў" будуць жыць да сярэдзіны вясны, калі ў сельскай гаспадарцы пачнецца сезон.

Даярка, разліковы лісток якой трапіў у інтэрнэт, нарадзіла пяцярых дзяцей. Двое старэйшых сыноў маюць свае сем’і. Трэці сын, які і распавёў пра заробак маці, неўзабаве пойдзе ў войска. Ёсць яшчэ дзве дачкі: адна — студэнтка, другая — школьніца.

10 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка хваліўся расійскім журналістам, што даярка ў Беларусі атрымлівае $600. 7 гадоў таму кіраўнік краіны казаў, што ў сезон даярка атрымлівае да $1000. 5 гадоў таму рыторыка змянілася на супрацьлеглую: у лістападзе 2011 года Лукашэнка заявіў, што грошай, якія атрымлівае даярка, не хапае нават на малако ў краме. З тых часоў кіраўнік Беларусі пра заробкі даярак публічна не выказваўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі