Як сабраць аптэчку на выпадак ядзернай вайны (без панікі, проста каб ведаць)

Проста на ўсякі выпадак!

Проста на ўсякі выпадак! / @rubanau_collage

Беларусь абвясціла раптоўную праверку носьбітаў тактычнай ядзернай зброі. Ваша рука пацягнулася да ёду? Чакайце! Падчас ядзернай вайны ёд не спатрэбіцца. А што патрэбна? Мы спыталі ў хіміка Сяргея Бесараба.

У выпадку аварыі на рэактары АЭС аэразолі радыеактыўнага ёду — асноўны забруджвальны фактар. Але пры выкарыстанні тактычнай ядзернай зброі ўтворыцца нязначная колькасць радыеактыўнага ёду — такім чынам, і пагроза будзе невялікая.

У выпадку аварыі на ядзернай станцыі выкідаецца досыць вялікая колькасць ізатопаў цэзію і стронцыю, абодва — доўгатэрміновыя. Ядзерная ж бомба, як ні дзіўна, больш "экалагічная". Ізатопы, якія ўтвараюцца падчас выбуху, — кароткатэрміновыя. І калі пераседзець момант выбуху і наступныя некалькі тыдняў у нейкім сховішчы з дастатковымі запасамі вады і харчавання, то ўзровень вонкавага забруджвання моцна знізіцца.

Па тым месцы, куды нядаўна скінулі бомбу, можна будзе нават спакойна прайсціся. У гэтым сэнсе ядзерная зброя больш "бяспечная", чым аварыя на АЭС.

 

Знайдзіце правільную маску

Наш суразмоўца кажа, што ў выпадку аварыі і ўдыхаць, і выдыхаць лепш праз правільна падабраную маску.

Так што, збіраючы сухпаёк і набор антыдотаў, варта памятаць, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Больш эфектыўна не дазволіць радыенуклідам трапіць у арганізм, чым потым іх з арганізма вывесці. Таму рэспіраторная гігіена — просты, але вельмі эфектыўны засцерагальны захад.

Как собрать аптечку на случай ядерной войны (без паники, просто на всякий случай
Акварэль / pixabay

Вось тут можна прачытаць, як прыгатаваць берлінскі лазурак у хатніх умовах. Вы зможаце (і будзе цікава).

 

Як абараніцца ад стронцыю? Ешце пасцілу

Бесараб раіць полісурмін для вывядзення ізатопаў стронцыю. Але калі вы не хімік і не можаце такую рэч прыгатаваць у прабірцы, тады вось чым можна яе замяніць:

— Для вывядзення з арганізма як цэзію, так і стронцыю можа выкарыстоўвацца альгінат натрыю. Гэты рэагент зарэгістраваны ў харчовай прамысловасці ў якасці харчовай дабаўкі E401, ужываецца як загушчальнік і стабілізатар. Лёгка можна купіць нават у Мінску (выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі handmade пасцілы, якая сапраўды атрымліваецца неверагодна карыснай і радыепратэктарнай).

Прымаць па паўграма падчас яды тры разы на дзень. Пры вострым атручванні радыеактыўным стронцыем доза прэпарата павялічваецца да 20 грамаў.

Актыўна альгінаты натрыю выкарыстоўваюцца і ў касметыцы (т.зв. альгінатныя маскі), але тут, у адрозненне ад рэчыва food grade чысціні, могуць быць пытанні. Але калі зусім нічога не знайшлі, можна трымаць у галаве і гэты варыянт.

Калі альгінаты натрыю знайсці не ўдалося, шукайце пекцін (прадаецца часта разам са спецыямі). Развядзіце яго ў вадзе і прымайце па 5 грамаў тройчы на дзень. У крайнім выпадку хаця б ешце цытрусавыя цукаты.

 

Ну і для прафілактыкі

Сяргей Бесараб кажа, што ў вас дома заўсёды павінна быць як мінімум упакоўка Трылона-Б. Ён каштуе нядорага і ёсць у беларускіх крамах.

З даступных (пакуль) у нас прэпаратаў можна ўзгадаць унітыёл, які ўжываецца пры атручванні злучэннямі ртуці, мыш'яку, хрому і іншымі "тыёлавымі ядамі".

А яшчэ трэба піць вітаміны і вітамінна-амінакіслотныя комплексы — што будзе пад рукой.

Сярод заапрэпаратаў найбольшай радыеахоўнай актыўнасцю валодае праполіс (і яшчэ прыгадаліся бялковыя гідралізаты з гідрабіёнтаў — мідый, рапанаў, кальмараў, марскіх грабеньчыкаў). А сярод адаптагенаў расліннага паходжання — экстракт элеутэракока і настойка жэньшэня.

Пры невялікіх дозах прэпараты добра пераносяцца. Іх пабочныя эфекты — павышэнне артэрыяльнага ціску, павышаная ўзбудлівасць і бяссонне.

Важны кампанент "персанальных радыеахоўных мерапрыемстваў" — гэта ежа, багатая на антыаксіданты. Нагадаю, што радыяцыя пашкоджвае жывыя клеткі праз механізм радыёлізу вады і далейшы за ім акісляльны пераксідны стрэс.

Усе, напэўна, у курсе, што з акісляльным стрэсам лепш за ўсё змагацца з дапамогай антыаксідантаў. Так што каляровыя садавіна і гародніна (чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя) абавязковыя. Чым больш яркі і сакавіты іх колер, тым большая іх антыаксідантная актыўнасць.

У якасці "сухпайка" могуць выступаць распаўсюджаная гарбата каркадэ і больш рэдкі "блакітны чай" — анчан. Гэтыя гарбаты лічацца "антацыянавымі лідарамі".

 

Ёсць сэнс перажываць? Пакуль выдыхайце

Не так даўно мы расказвалі чытачам Еўрарадыё, што будзе, калі з Беларусі вылецяць ракеты са спецыяльным (ядзерным) зарадам. Юрыст-міжнароднік тлумачыў, што асабліва кепска будзе ваенным тых вайсковых частак, з якіх вылецяць ракеты.

Бесараб кажа, што з пытаннем пра АБЖ журналісты звяртаюцца да яго пастаянна ўжо гады тры. Сам ён куды больш пераймаецца недапрацоўкамі, дапушчанымі пры будаўніцтве БелАЭС, чым тым, што дзесьці побач з намі выкарыстаюць тактычную ядзерную зброю.

Гэта не зброя знішчэння, гэта зброя абсалютнага запалохвання. Якіх-небудзь тактычных пераваг у выпадку сучасных баявых дзеянняў, дзе даўно ўжо няма велізарных скучаных армій, а ёсць мабільныя брыгады, дроны і да т.п., яна не прынясе. Гэта проста пудзіла.

Пентагон кажа, што ніякіх прыкмет гатовасці Расіі выкарыстаць тактычную ядзерную зброю не бачыць. Так што аптэчку сабраць можаце, але заадно пакладзіце туды пачачак фенібуту — каб занадта моцна не хвалявацца ад грознага выгляду Уладзіміра Пуціна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі