Хутка адбудзецца моцная магнітная бура. Якіх наступстваў чакаць?
Лекі ад галаўных боляў лепш купіць загадзя
Магнітныя буры перыядычна абрушваюцца на Зямлю пасля выбліскаў на Сонцы. Іх наступствы можа адчуваць не толькі тэхніка, але і людзі.
Беларускі даследчык і навуковы журналіст Сяргей Бесараб дасціпна тлумачыць, у чым рызыка гэтай прыроднай з’явы.
Успышкі на сонцы — гэта непрыемны "падарунак" ад нашага сусвету. Непрыемны таму, што прыводзіць да ўзнікнення геамагнітных бур. Сонечная радыяцыя ўзаемадзейнічае з магнітным полем Зямлі, што ўплывае на ўсё навакольнае асяроддзе: прыроду, людзей, электроніку. Да чаго гэта можа прывесці?
Біялагічным істотам пашанцуе больш за ўсіх. Але ўсё роўна трэба быць напагатове.
“У чалавека змена магнітнага поля мяняе альфа-рытм галаўнога мозгу, які найбольшую амплітуду мае ў стане спакойнага няспання, пры заплюшчаных вачах у зацемненым памяшканні. Гэты рытм блакуецца ці паслабляецца пры павышэнні зрокавай увагі ці разумовай актыўнасці”, — піша навуковец.
Таму варта ў гэты час займацца інтэлектуальнай актыўнасцю, якая можа абараніць вас ад патэнцыйнай мігрэні.
Яшчэ геамагнітныя буры ўплываюць на нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы чалавека.
“У магнітаадчувальных людзей могуць назірацца скокі артэрыяльнага ціску, сардэчная арытмія (павялічваецца колькасць інфарктаў міякарда), магчымае пачашчэнне эпілептычных прыпадкаў. У дні максімальнай актыўнасці магчымае пагаршэнне сну, павышэнне трывожнасці і нервовасці, галаўныя болі, абвастрэнні ў людзей з псіхіятрычнымі захворваннямі”.
Навуковец рэкамендуе трымаць пад рукой важныя медыцынскія прэпараты, асабліва людзям з хранічнымі захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, эпілептыкам і г.д.
У гэтыя дні не пазайздросціш тым, хто знаходзіцца ў космасе ці збіраецца ляцець у самалёце ў момант, калі сонечная радыяцыя ўдарыць у Зямлю.
“З пункту гледжання разважлівасці авіякампаніі на найбліжэйшыя тры дні павінныя адмяніць авіярэйсы або змяніць паветраныя калідоры”, — расказвае Бесараб.
Пад пытаннем таксама здароўе людзей, якія падарожнічаюць у гарах або падымаюцца на вышыню.
“Лепш хаця б пераседзець гэты час у лагерах. Хоць энергіі часцінак сонечнага ветру такія, што ва ўмовах разраджанай атмасферы і скала не ўратуе”.
Што да тэхнікі, то, на думку эксперта, успышка паўплывае на ўзнікненне індукцыйных токаў у слабатокавых сетках і перагрэў трансфарматараў.
“З высокай імавернасцю пад пытаннем працаздольнасць электронных прылад, сістэм сувязі, GPS, рэлейнай аўтаматыкі, магчымыя аварыйныя адключэнні электраэнергіі”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.