Жыхары Брэста наракаюць на лютыя атакі машкары
Насякомае, ілюстрацыйнае фота
Жыхароў Брэста з надыходам цяпла сталі атакаваць мошкі, прычым яшчэ больш агрэсіўныя, чым летась, піша "Віртуальны Брэст".
Паведамляецца, што мошкі дзейнічаюць больш актыўна чым летась і часта залятаюць у кватэры вышэй за трэці паверх, чаго раней не было. Яны залятаюць у кватэры ўдзень, калі іх не бачна, а ўвечары накідваюцца на людзей і жывёл. Ад машкары, па словах брастаўчан, не ратуюць нават маскітныя сеткі.
"Налятаюць, як на кавалак мяса, і схавацца няма дзе... У грамадскім транспарце ўсе лезгінку танчаць", — наракаюць гараджане.
А мясцовыя эпідэміёлагі прагназуюць масавы вылет крывасмактальных мошак на першую-другую дэкады траўня 2024 года — у гэты час будзе захоўвацца стабільна цёплае надвор'е. Медыкі рэкамендуюць у такую пару пазбягаць перабывання каля вадаёмаў, дзе машкары больш за ўсё. Таксама яны раяць апранаць вопратку, якая максімальна закрывае цела, і выкарыстоўваць рэпеленты, якія адпужваюць машкару.
На нашэсце машкары жыхары Брэсцкай і Гомельскай абласцей скардзіліся год таму — у сярэдзіне траўня 2023-га. Тады навукоўцы папярэджвалі, што аналагічная сітуацыя можа паўтарыцца зноў у наступным годзе. Энтамолагі казалі, што такімі актыўнымі мошкі, як правіла, бываюць кожныя два гады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.