Як шматдзетныя сем’і збіраюцца ў школу

Як шматдзетныя сем’і збіраюцца ў школу

Складанасці ўзнікаюць нават, калі збіраеш у школу адно дзіця. А як быць калі іх чацвёра і болей…

 

Сабраць у школу чацвярых дзяцей — адпускныя школьнага настаўніка

 

Наталля з Мінска сёлета адпраўляе ў школу чацвярых. Да школы сям’я сабралася за два дні і 1000 рублёў.

“Двое ідуць у дзявяты клас, і двое ў пяты, хлопчык і тры дзяўчынкі. Каб сабраць, мы нешта адкладвалі, недзе дапамагалі бацькі. Сышло каля 1000 рублёў. Але некаторыя рэчы ўжо былі, у сына касцюм з мінулага года, недзе эканомілі. У дзвюх крамах усё змаглі набыць. На зніжках ва ўнівермагу “Беларусь” і ў “Кірмашы”. За некалькі дзён лепш усё набыць, ды і забыць пра гэта. Малодшыя дзяўчынкі ў мяне двайняты, урокі самі вучаць. А вось сына даводзіцца кантраляваць. Я сама настаўніца малодшых класаў, часу мала. Трое дзяцей у маёй школе вучацца і адна дзяўчынка ў іншай, па спецыяльнай праграме. З матэматыкай тата дапамагае, яе дзеці вельмі любяць”.

Дапамога для шматдзетных сем'яў — 50 рублёў на адно дзіця. Вядома, сабраць у школу не хопіць. Таму Наталля адклала грошы са сваіх настаўніцкіх адпускных, а таксама дапамаглі яе бацькі.

 

За сшыткамі і асадкамі — за сто кіламетраў

 

У Алены з вёскі Марэвіль пяцёра дзяцей, у школу цяпер ідуць трое. За пакупкамі да школы ім давялося ехаць у Брэст, за сто кіламетраў.

“Заплечнікі, вопратку, абутак мы набывалі раней. Старэйшая дачка ідзе ў дзявяты клас, іншая дачка ў сёмы клас і сын у другі клас. Ездзім за пакупкамі ў Брэст. Бо ў нас у краме гэтага ўсяго не набудзеш. Туды ехаць каля ста кіламетраў, але бываем там па сваіх справах і тады набываем. Калі, напрыклад, ёсць зніжкі ў сеткавых крамах. Сёлета толькі канцылярскія вырабы зацягнулі на 170 рублёў. Мы імкнёмся якасныя рэчы набываць, каб хапіла надоўга. Набылі новых рэчаў яшчэ на трыста рублёў для траіх дзяцей. Дзеці ўжо хочуць у школу, яны добра вучацца. Атрымалі падручнікі і загортваюць у вокладкі, збіраюцца”.

 

Сакрэты: 11 дзяцей можна сабраць у школу за 600 рублёў! А астатняе дакупіць пасля

 

У Вікторыі з Пружан у школу сёлета ідуць 11 дзяцей! Але на падрыхтоўку бацькі пакуль патрацілі толькі 600 рублёў. Кажуць, што незразумела, якія дапаможнікі трэба набываць з-за пастаянных змен у школьнай праграме. Грошы на школу не адкладваюць. Хапае таго, што зарабляе бацька дзяцей.

Як шматдзетныя сем’і збіраюцца ў школу
Сям'я Вікторыі і Аляксандра, фота - з сямейнага архіву

“Дзеці вучацца ў адной школе, гэта істотна спрашчае працэс ўзаемадзеяння з настаўнікамі і адміністрацыяй. Звычайна да жніўня ўсе канцтавары у нас ужо закупленыя, а цяпер купілі толькі асноўнае, выдаткаваўшы 600 рублёў. Ні дапаможнікі, ні дадатковую літаратуру не куплялі, таму што незразумела, па якіх матэрыялах будуць працаваць настаўнікі. Астатнюю канцылярку павольна дакуплю ў верасні, пасля спаду ажыятажу. Форму ў гэтым годзе не куплялі, толькі сарочкі, калготкі, шкарпэткі і тое, з чаго дзеці выраслі. Кошты, вядома, сталі вышэйшыя, гэта ж відавочна кожнаму, хто ходзіць у краму”.

Агулам у школу сёлета ідзе 1 мільён навучэнцаў, з іх 110 тысяч першакласнікаў. 75 тысяч школьнікаў будуць дабірацца да школ адмысловымі аўтобусамі, бо яны знаходзяцца далёка ад іх вёсак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі